Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/16/907970_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 12:01
16.06.2017 13:38 Палітыка, Грамадства

СК прыняў у вытворчасць справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання

Мінск, 16 чэрвеня. Следчы камітэт Беларусі прыняў у вытворчасць крымінальную справу аб стварэнни незаконнага ўзброенага фарміравання, распачатую Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч.
"Следчым камітэтам працягваюцца працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на ўсталяванне ўсіх абставінаў супрацьпраўнай дзейнасці фігурантаў справы", — сказаў ён.

Крымінальны пераслед тых жа асоб на падставе ч. 3 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) КДБ спыніў.

Затрыманні па абвінавачванні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту".

Пазней 20 фігурантам справы было выстаўленае яшчэ адно абвінавачанне — паводле артыкула 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Раней па гэтым артыкуле абвінавачанні ў Беларусі не выстаўляліся.

Пасля некаторым фігурантам змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт), у дачыненні да іншых абвінавачанні былі знятыя. Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер пад вартай застаюцца 14 фігурантаў справы.

13 чэрвеня старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык заявіў журналістам, што заўчасна казаць аб тым, ці дойдзе справа "Белага легіёна" да суда. "Гэта заўчасна казаць пра гэтыя пытанні. Рэч у тым, што следства аб`ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў ён. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур`ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта работа ідзе для таго, каб аб`ектыўна разабрацца".

Паводле слоў Вакульчыка, у гэтай справе "з пункту гледжання кваліфікацыі дзеянняў ёсць элемент арганізаванасці і ўзброенасць". Кіраўнік КДБ таксама падкрэсліў, што артыкул 287 (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання) Крымінальнага кодэкса, па якім выстаўленыя абвінавачанні некаторым фігурантам справы, не з`яўляецца палітычным артыкулам. "Гэта экстрэмізм, сур`ёзныя рэчы. Але разам з тым ўстаноўка ў следчых аб`ектыўна разабрацца ва ўсіх пытаннях, — сказаў Вакульчык. — Вядома, я ведаю больш, але не магу гаварыць у інтарэсах следства і ў інтарэсах тых асобаў, якія праходзяць па гэтай справе, каб раней часу на кагосьці не ставіць кляймо. Я — прыхільнік таго, што, па сутнасці справы, усе адказы на пытанні павінны быць дадзеныя ва ўстаноўленым законам парадку. Бо раней часу нельга сказаць, што чалавек — злачынец і гэтак далей".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН