Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/16/908004_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.06.2017 13:26
16.06.2017 17:21 Эканоміка, Культура

БСПН заклікае скасаваць ці ўдакладніць парадак выплаты часткі прыбытку пры гаспадарчай дзейнасці ў аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны

Мінск, 16 чэрвеня. Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.C.Куняўскага (БСПН) заклікае Міністэрства культуры ўнесці ў заканадаўства ўдакладненні па парадку выплаты часткі прыбытку пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці ў аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, паведамляла БелаПАН прэс-служба саюза.

БСПН атрымаў адказ на свой запыт, у якім Мінкультуры растлумачыла парадак выплаты часткі прыбытку пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці ў аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, прывязаўшы плацеж да плошчы арандаваных памяшканняў.

Указ ад 18.10.2007 № 527 "Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны" абавязвае юрыдычных асоб пералічваць 5% з прыбытку ў Фонд прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, калі іх дзейнасць робіць уплыў на гісторыка-культурную каштоўнасць. Гэты нарматыўны прававы акт не прадугледжвае вычляненне доляў з прыбытку. Тым не менш у Мінкультуры адзначаюць, што падлік плацяжу прапарцыйна плошчам ужо сфармаваўся як правапрымяняльная практыка.

У міністэрстве таксама ўдакладнілі, што да непасрэднага ўздзеяння, якое робіцца прадпрымальніцкай дзейнасцю на гісторыка-культурную каштоўнасць або зоны яе аховы, адносіцца стварэнне дадатковых аб'ёмна-прасторавых збудаванняў. У прыватнасці ўлічваюцца ўзвядзенне прыбудоў, добраўпарадкаванне і размяшчэнне аб'ектаў сезоннага гандлю, рэкламных носьбітаў і іншых аб'ектаў на тэрыторыі каштоўнасці і (або) у зонах яе аховы. Адлічэнне таксама неабходна будзе рабіць у выпадку стварэння пляцовак для стаянак і пад'ездаў аўтамабільнага транспарту, уладкавання новых уваходаў, ганкаў, вентыляцыйных сістэм, знешніх кандыцыянераў, убудаваных банкаматаў.

Калі ж у прадпрыемства няма прыбытку, то адлічэнне ў фонд яму рабіць не трэба.

"У той жа час БСПН збянтэжаны фарміраваннем правапрымяняльнай практыкі па выплаце абавязковага плацяжу без апісання выразнага механізму аплаты ў нарматыўным прававым акце. Гэта стварае патэнцыял для прэтэнзій з боку кантралюючых органаў і прымянення штрафных санкцый да прадпрыемстваў-арандатараў. БСПН заклікае рэгулятара як мінімум унесці ўдакладненні ў дзейнае заканадаўства", — адзначае прэс-служба.

Бізнес-саюз таксама звяртае ўвагу, што "большасць суб'ектаў гаспадарання ўспрымаюць гэты плацеж як новы падатак, што абцяжарвае і без таго няпростае фінансавае становішча бізнесу". Саюз таксама заклікае заканадаўцу разгледзець магчымасць скасавання гэтага плацяжу.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН