Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/16/908024_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.06.2017 09:52
16.06.2017 16:58 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Лукашэнка: Праблема росту цэн найбліжэйшым часам страціць актуальнасць

Мінск, 16 чэрвеня. Праблема росту цэн найбліжэйшым часам страціць актуальнасць, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Людзей пакуль гэта хвалюе. Але ўпэўнены, што калі нам удасца захаваць інфляцыю на гэтым узроўні, то гэты і наступны гады — і людзі забудуць пра гэтую праблему", — заявіў ён 16 чэрвеня падчас наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Лукашэнка не выключыў, што па выніках года ўзровень інфляцыі можа быць істотна ніжэйшым за запланаванае значэнне. Пры гэтым ён падкрэсліў, што як скачкападобны рост узроўню цэн, так і яго імклівае падзенне негатыўна адбіваецца на эканоміцы.

"Таму калі ёсць рост цэн, то ён павінен быць паступовым і невысокім, калі ёсць падзенне, то яно павінна быць паступовым і неімклівым. Пажадана, каб мы выйшлі на інфляцыю 3-4% па годзе", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы таксама зазначыў тэндэнцыю зніжэння цэн у цэлым у рэгіёне — у Расіі і Украіне. "Калі адсутнічае рост цэн — гэта добра і для людзей, і для вытворцаў. Вытворцы да гэтага прыстасоўваюцца, пачынаюць рэгуляваць сабекошт і выходзіць на нармальную рэнтабельнасць", — сказаў ён.

Афіцыйны прагноз прадугледжвае інфляцыю па выніках 2017 года ў межах 9%.

Аналітыкі Еўразійскага банка развіцця прагназуюць інфляцыю ў Беларусі да канца гэтага года на ўзроўні 9,3% у адносінах да снежня 2016-га з наступным зніжэннем да 7% у 2018 годзе і да 6% — у 2019-м.

А эксперты кампаніі Sberbank CIB — інвестыцыйнага падраздзялення расійскага "Ашчадбанка" — чакаюць, што інфляцыя да канца года ў Беларусі замарудзіцца да менш як 7%.

За 2016 год інфляцыя склала 10,6% пры прагнозе 12%. За 2015 год гэты паказчык склаў 12% пры аналагічным афіцыйным прагнозе. За апошнія 10 гадоў мінімальны ўзровень інфляцыі назіраўся ў 2006 годзе — 6,6%, максімальны — у 2011-м — 108,7%.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН