Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/19/908247_587469/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2017 19:40
19.06.2017 12:24 Эканоміка, Грамадства

Беларусь і "Расатам" дамовіліся ўзмацніць працу для ўвядзення першага блока БелАЭС у 2019 годзе

Мінск, 19 чэрвеня. Беларусь і карпарацыя "Расатам" дамовіліся ўзмацніць працу для ўвядзення ў эксплуатацыю першага блока Беларускай атамнай электрастанцыі у 2019 годзе, паведаміў 19 чэрвеня журналістам у Маскве віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка паводле вынікаў сустрэчы з гендырэктарам "Расатама" Аляксеем Ліхачовым.

"На сённяшняй сустрэчы абмяркоўвалі, як ідзе праца, каб блокі былі ўведзеныя ў эксплуатацыю ў гэтыя тэрміны. Мы дамовіліся, што трэба ўзмацняць працу на першым блоку", — цытуе Сямашку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што першы энергаблок АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю у 2019 годзе (пасля інцыдэнту з корпусам рэактара 10 ліпеня 2016 гады тэрмін перанесены на год. — БелаПАН.), другі — у 2020-м.

Сямашка таксама паведаміў, што найбліжэйшым часам на пляцоўцы будавання АЭС у Астраўцы пройдзе пасяджэнне штаба, на якім з удзелам расійскага боку будуць абмяркоўваць ход будаўніцтва і тэрміны пастаўкі абсталявання. У прыватнасці размова пойдзе аб работах на ключавых аб'ектах, якія вызначаюць тэрміны ўводу энергаблокаў у эксплуатацыю.

Намеснік прэм'ер-міністра таксама адзначыў, што беларускія спецыялісты могуць узяць удзел у атамных будоўлях за мяжой. "Многія патэнцыйныя партнёры "Расатама" нам адкрыта заяўляюць просьбу, каб нашы вядучыя будаўнічыя арганізацыі ("Гроднапрамбуд", "Гомельпрамбуд" і іншыя) узялі ўдзел у будаўніцтве ў іншых краінах. Для нас гэта важна, мы павінны ўмець зарабляць і прадаваць паслугі на экспарт. Таму калі кантрактныя ўмовы будуць прымальныя, мы будзем браць удзел. Думаю, нашы спецыялісты могуць паспяхова працаваць у іншых краінах", — сказаў Сямашка.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расіі, для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года.
Алексей Александров, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН