Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/19/908251_445698/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2017 16:39
19.06.2017 13:28 Грамадства

У дачыненні да кіроўцы Nissan, які здзейсніў у п'яным выглядзе некалькі ДТЗ у Мінску, у тым ліку з гібеллю чалавека, распачатая крымінальная справа

Мінск, 19 чэрвеня. Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску распачатая крымінальная справа ў дачыненні да вадзіцеля аўтамабіля Nissan, які ў п'яным выглядзе здзейсніў некалькі ДТЗ, у тым ліку з гібеллю чалавека, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК Аляксей Клімовіч.

Трагедыя здарылася 18 чэрвеня на вуліцы Чарвякова ў Цэнтральным раёне сталіцы. Следства выявіла, што 18 чэрвеня прыблізна ў 8.30 кіроўца Nissan 1987 года нараджэння спрабаваў уцячы ад супрацоўнікаў ДАІ. На законныя патрабаванні аб прыпыненні не рэагаваў. Супрацьпраўныя дзеянні мужчыны прывялі да сур'ёзнай аварыі: праязджаючы ля дома № 65 па вуліцы Чарвякова, ён не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з аўтамабілем BMW, што ехаў у спадарожным напрамку, пасля чаго Nissan выехаў за межы праезнай часткі дарогі і ўрэзаўся ў дрэва.

У момант ДТЗ у "Нісане" знаходзілася пасажырка 1977 года нараджэння, якая ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерла на месцы аварыі. Астатнія ўдзельнікі ДТЗ атрымалі нязначныя цялесныя пашкоджанні.

Паводле вынікаў медыцынскага агляду, ступень алкагольнага ап'янення кіроўцы аўтамабіля Nissan ў момант аварыі складала больш за паўтара праміле. У межах расследавання крымінальнай справы прызначаныя шэраг экспертных даследаванняў, вытворчасць якіх даручаная ўпраўленню Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Мінску.

Раней паведамлялася, што інфармацыя аб п'яным кіроўцы "Нісана", які зайшоў у краму на бульвары Шаўчэнкі, паступіла ў міліцыю ў 8.24. Праз некалькі хвілін пасля гэтага мужчына выйшаў з крамы, сеў у машыну і рушыў у бок вуліцы Веры Харужай. На скрыжаванні з вуліцай Чарвякова яго аўтамабіль сутыкнуўся з Pontiac. Кіроўца апошняга спрабаваў размаўляць з парушальнікам, але той паехаў.

Следчыя органы шукаюць сведак аварый.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН