Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/19/908260_908261/
Дата раздрукоўкі: 23.06.2017 09:42
19.06.2017 13:17 Эканоміка

Сямашка: Запуск БелАЭС дапаможа знізіць залежнасць ад паставак расійскага газу

Мінск, 19 чэрвеня. Запуск Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) дапаможа знізіць залежнасць краіны ад паставак расійскага прыроднага газу, заявіў 19 чэрвеня журналістам намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на форуме "Атамэкспа-2017" у Маскве.

Паводле слоў Сямашкі, якія перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА, цяпер у Беларусі 95% выпрацоўкі электраэнергіі прыпадае на газ, але ад гэтай залежнасці трэба сыходзіць і дыверсіфікаваць крыніцы энергіі. Пасля запуску АЭС 27—28% выпрацоўкі будзе прыходзіцца на атамную энергію.

Віцэ-прэм`ер нагадаў, што "і ў пастаўках газу, і пры будаўніцтве АЭС галоўным партнёрам выступае Расія, аднак гэта не азначае залежнасці ў гэтым плане ад дадзенай краіны". Сямашка падкрэсліў, што крэдыт на будаўніцтва БелАЭС узяты ў Расіі на выгадных умовах. "Гэта доўгатэрміновы і танны крэдыт", — лічыць ён.

Гаворачы аб ядзерным паліве, першыя пастаўкі якога на БелАЭС запланаваны з Расіі, Сямашка звярнуў увагу, што тэхналогію вытворчасці паліва асвойваюць многія краіны, таму ў перспектыве ёсць магчымасць закупляць яго і ў іншых партнёраў.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расіі на 10 млрд долараў, для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020 год.

На думку выканаўчага дырэктара асацыяцыі "Аднаўляная энергетыка" Уладзіміра Нісцюка, існуе пагроза згортвання развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі ў Беларусі ў сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі. "Ужо мы бачым захады з боку ўрада па мінімізацыі развіцця альтэрнатыўнай энергетыкі з мэтай не ствараць канкурэнцыю энергіі, вырабленай на атамнай станцыі", — раней заяўляў ён БелаПАН.

Нісцюк адзначыў, што пры перадачы электраэнергіі па сетках яе губляецца да 9%. "Калі з поўначы Гродзенскай вобласці, дзе будуецца АЭС, пастаўляць электраэнергію на самы поўдзень краіны, то гэта каласальныя эканамічныя страты. Таму мы дэцэнтралізуем энергетычную сістэму краіны, набліжаем крыніцы энергіі да аўтаномных спажыўцоў. А гэта вельмі важна, гэта вельмі вялікая эканомія", — сказаў эксперт. Нісцюк таксама мяркуе, што з уводам БелАЭС у краіне ўзнікне прафіцыт электраэнергіі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН