Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/19/908261_908262/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 13:44
19.06.2017 13:27 Эканоміка

"Газпром" аднавіў будаўніцтва свайго комплексу ў Мінску

Мінск, 19 чэрвеня. Даччынае прадпрыемства ПАТ "Газпром" у Беларусі аднавіла будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпром цэнтр" у Мінску, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым.
Паводле яго слоў, загад на раскансервацыю аб`екта быў падпісаны яшчэ ў красавіку кіраўніцтвам ААТ "Газпрам трансгаз Беларусь". Гэта адбылося адразу пасля ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй.

Цяпер кампанія шукае новага генеральнага падрадчыка. Са старым — ААТ "Мінскпрамбуд" — дагавор быў скасаваны. Гэта адбываецца аўтаматычна пасля кансервацыі будаўніцтва, растлумачыў Бутрым. Новы генпадрадчык пакуль не выбраны. "Нам яшчэ не паведамілі", — сказаў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама.

Адказваючы на пытанне, ці вядуцца рэальныя работы на пляцоўцы, ён параіў звярнуцца да заказчыка праекта, аднак у ААТ "Газпром трансгаз Беларусь" гэту інфармацыю не каментуюць.

Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпром цэнтр" у Мінску было закансервавана ў канцы снежня 2016 года, хоць фактычна работы на аб`екце спыніліся ў канцы лета. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення будаўніцтва стала скарачэнне фінансавання праекта з боку "Газпрома" з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй. Яшчэ адной прычынай называлі тэхнічныя праблемы, звязаныя з вышыннай часткай будынка.

Узвядзенне шматфункцыянальнага комплексу "Газпром цэнтр" пачалося ў жніўні 2015 года на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці — там, дзе раней размяшчаўся аўтавакзал "Маскоўскі". Плошча будоўлі складае 8,27 га. Мяркуецца, што комплекс будзе ўключаць офісы расійскага "Газпрома", гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на тэрыторыі аб`екта плануецца размясціць дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб`екты гандлю і паслуг. Першапачаткова заяўлялася, што будаўніцтва будзе завершана ў 2018 годзе. Арыенціровачны памер інвестыцый — 900 млн долараў.

Знос аўтавакзала ў сувязі з будаўніцтвам "Газпром цэнтра" выклікаў незадаволенасць у многіх мінчан.
Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН