Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/19/908293_908294/
Дата раздрукоўкі: 24.07.2017 03:36
19.06.2017 15:18 Палітыка

Пасол Украіны: Мэты вучэнняў "Захад-2017" пакуль да канца не зразумелыя

Мінск, 19 чэрвеня. "Любыя вучэнні могуць прывесці да любых наступстваў", — заявіў БелаПАН пасол Украіны Ігар Кізім, адказваючы на пытанне, ці баіцца яго краіна правядзення беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2017".
Калі ў беларускага боку ёсць "стопрацэнтная ўпэўненасць" у бяспецы вучэнняў, якія маюць адбыцца, "тады так і будзе". "Але казаць пра тое, што яны да канца празрыстыя, я пакуль не магу", — дадаў пасол.

Правядзенне вучэнняў "Захад-2017" украінскі дыпламат назваў "чыста беларуска-расійскай працай". Тое, што робяць краіны, — "гэта вашы планы, вы па іх працуеце", сказаў ён.

"Ці ёсць у гэтым пагрозы для Беларусі, Украіны, заходніх краін? Пагрозы ёсць, яны розныя. Нікому не падабаецца, калі на тэрыторыі суседняй дзяржавы праводзяцца вучэнні, задума якіх незразумелая", — заявіў Кізім.

"Як толькі задума стане зразумелай і на вучэнні будуць запрошаныя назіральнікі, тады і можна будзе казаць, што гэтыя вучэнні нікому не пагражаюць, — дадаў ён. — Але нават калі гэта будзе зроблена, усё роўна яны могуць пагражаць, бо магчымая любая нечаканая сітуацыя, справакаваная кімсьці. Усе народы і краіны аддаюць перавагу таму, каб вучэнні не праводзіліся".

Украінскі дыпламат адзначыў, што любыя вучэнні з'яўляюцца "мабілізацыяй сіл і сродкаў". "Куды яны будуць накіраваныя — гэта пытанне дэкларацыі, усякае можа здарыцца. Вучэнні праводзяцца з пункту гледжання падрыхтоўкі сіл бяспекі", — сказаў Кізім.

"Калі вучэнні НАТА выразна зарыентаваныя на недапушчэнне захопу перашыйка краін Балтыкі і Калінінградскай вобласці, то мэты вучэнняў "Захад-2017" пакуль да канца не зразумелыя. Кажуць, што гэта абарончыя вучэнні — тады скажыце, хто сабраўся нападаць", — заявіў пасол.

Пры гэтым Ігар Кізім падкрэсліў: ён верыць словам Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што "пагрозы з паўночных межаў для Украіны няма і не можа быць".

Беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017" пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расіі ў верасні. Тэмай вучэнняў названая падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Занепакоенасць з нагоды вучэнняў, якія маюць адбыцца, неаднаразова выказвалі заходнія палітыкі і прадстаўнікі суседніх з Беларуссю дзяржаў, у тым ліку Украіны. На іх думку, Расія можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм для ўварвання на тэрыторыю сумежных краін. Аб безгрунтоўнасці такіх асцярог неаднаразова заяўляў Аляксандр Лукашэнка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН