Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/21/eu_908557_445896/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 21:21
21.06.2017 11:09 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

МУС: Праект пагаднення паміж Беларуссю і ЕС аб рэадмісіі ў цэлым узгоднены

Мінск, 21 чэрвеня. Прадстаўнікі Беларусі і Еўрапейскай камісіі ў цэлым узгаднілі праект пагаднення аб рэадмісіі, Беларусі можа быць дадзены пераходны перыяд, паведамляе МУС паводле вынікаў учарашніх перамоў у Мінску.
У перамовах, якія прайшлі 20 чэрвеня, удзельнічалі прадстаўнікі дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС і іншых зацікаўленых дзяржаўных органаў Беларусі, а таксама дэлегацыя генеральнага дырэктарата па міграцыі і ўнутраных справах Еўрапейскай камісіі.

"Падчас перамоў у цэлым узгоднены тэкст пагаднення, — паведаміў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун. — У ім захаванае палажэнне аб пераходным перыядзе, на працягу якога Беларусь не будзе прымаць грамадзян трэціх дзяржаў або асоб без грамадзянства, якія падлягаюць рэадмісіі. Гэты час неабходны для наладжвання механізмаў працы з такой катэгорыяй асоб, а таксама стварэння ў рэспубліцы адпаведнай інфраструктуры".

Гаворка, у прыватнасці, ідзе аб арганізацыі цэнтраў часовага ўтрымання незаконных мігрантаў, запланаванай паводле праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі на 2017—2022 гады. Для гэтых мэтаў ЕС выдзяляе Беларусі 7 млн еўра. Фінансаванне ажыццяўляецца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага фінансавага пагаднення паміж МУС Беларусі, Еўракамісіяй і прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі.

Тэрмін пераходнага перыяду пакуль не называюць. Ёсць інфармацыя, што ён будзе меншы за тры гады, якія даваліся, напрыклад, Расіі і Украіне.

Пагадненне аб рэадмісіі павінна быць падпісанае ў пакеце з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму, прычым асноўныя перамовы з ЕС тычацца менавіта рэадмісіі.

У канцы мінулага года Алена Купчына, якая займала на той момант пасаду намесніка міністра замежных спраў, заяўляла журналістам, што ў перамовах з ЕС для Беларусі галоўным з'яўляецца пытанне аб рэадмісіі. Яна растлумачыла, што Беларусь хоча атрымаць трохгадовы пераходны перыяд для імплементацыі палажэнняў пагаднення. Такі тэрмін даваўся іншым краінам, з якімі ЕС заключаў такія пагадненні, у тым ліку Расіі, Украіне і Турцыі. "Галоўнае для нас зараз — гэта вырашыць пытанне аб рэадмісіі. Справа не ў нашай негатоўнасці прыняць гэтыя абавязацельствы. Мы гатовыя, але хочам выконваць іх годна", — падкрэсліла намеснік міністра.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН