Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/28/909771_909772/
Дата раздрукоўкі: 20.08.2017 14:42
28.06.2017 20:49 Палітыка

На волю выйшлі яшчэ чатыры фігуранты справы аб незаконным узброеным фарміраванні (абноўлена)

Мінск, 28 чэрвеня. Увечары 28 чэрвеня з СІЗА выйшлі яшчэ чатыры фігуранты крымінальнай справы аб незаконным узброеным фарміраванні (справа "Белага легіёну"): Уладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Аляксандр Яўдаха і Віктар Данілаў.
Яны былі затрыманыя ў рамках крымінальнай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазней ім было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Пасля таго як КДБ спыніў справу па ч. 3 арт. 293 КК, яны заставаліся пад вартай у рамках другой крымінальнай справы сярод 14 яе фігурантаў.

Чакалася, што 28 чэрвеня вызваленых будзе пяцёра, аднак, як паведаміў прысутным каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску дзяжурны ізалятара, вызваляць каго-небудзь яшчэ сёння не плануецца.

"Дакументаў на вызваленне сёння больш няма", — сказаў ён. Тым не менш каля СІЗА засталося больш за 20 чалавек: журналісты, грамадскія актывісты, сваякі фігурантаў справы, вызвалены Віктар Данілаў.

Напярэдадні, 27 чэрвеня, на волю выйшлі трое фігурантаў справы "Белага легіёну" — Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі і Уладзімір Фёдараў. Паводле звестак праваабаронцаў, ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт).

Такім чынам, пад вартай засталося сем чалавек, затрыманых з выстаўленнем абвінавачанняў у "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў" на Дзень Волі 25 сакавіка ў Мінску.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа "Белага легіёну" да суда. "Справа ў тым, што следства аб`ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур`ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб`ектыўна разабрацца".

18 мая кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын паведаміла, што ЕС будзе ўважліва сачыць за так званай справай "Белага легіёну".

Шэраг назіральнікаў звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Мінску 5—9 ліпеня. У ёй чакаецца ўдзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН