Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/29/909947_909948/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:55
29.06.2017 21:15 Палітыка

У СІЗА засталося два фігуранты справы "Белага легіёну"

Мінск, 29 чэрвеня. У зняволенні засталося два фігуранты т.зв. справы "Белага легіёну" — справы аб незаконным узброеным фарміраванні. 29 чэрвеня на волю выйшлі яшчэ пяць абвінавачваных: Аляксей Абрамаў, Андрэй Дундукоў, Іван Кавальчук, Андрэй Комлік-Ямацін і Дзмітрый Новік. Усяго за апошнія тры дні пад падпіску аб нявыездзе адпушчана 12 чалавек.
У СІЗА застаюцца памочнік дырэктара выдавецтва "Кнігазбор", былы лідар "Белага легіёну" Міраслаў Лазоўскі і Віктар Мароз, кіраўнік адной з мінскіх фірмаў, якія займаюцца дыстрыбуцыяй. У свой час ён быў членам "Белага легіёну".

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт). Пазней частцы абвінавачваных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Пасля таго як КДБ спыніў першую справу (ч. 3 арт. 293), арыштаваныя заставаліся пад вартай у рамках другой крымінальнай справы сярод 14 яе фігурантаў.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа "Белага легіёну" да суда. "Справа ў тым, што следства аб`ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур`ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб`ектыўна разабрацца".

18 мая кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын паведаміла, што ЕС будзе ўважліва сачыць за так званай справай "Белага легіёну".

Шэраг назіральнікаў звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Мінску 5—9 ліпеня. У ёй чакаецца ўдзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН