Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/30/909985_12345/
Дата раздрукоўкі: 20.08.2017 14:39
30.06.2017 11:15 Палітыка, Грамадства

Сёння на волю выйдуць астатнія два фігуранты справы "Белага легіёна", паведаміў кіраўнік СК

Мінск, 30 чэрвеня. Да канца сённяшняга дня будзе змененая мера стрымання двум фігурантам справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання (так званай справы "Белага легіёна"), якія пакуль застаюцца пад вартай. Пра гэта паведаміў 30 чэрвеня вузкаму колу журналістаў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.
"Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. У дадзены момант мы мяркуем, што падстаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе не маецца, і таму прынялі такое рашэнне. Што тычыцца перспектыў, то пра іх казаць рана — усё пакажа следства", — цытуе Наскевіч сайт СК.

Цяпер у СІЗА № 1 Мінска знаходзяцца памочнік дырэктара выдавецтва "Кнігазбор" Міраслаў Лазоўскі — былы лідар "Белага легіёна" (арганізацыя не існуе ўжо больш за 15 гадоў) і Віктар Мароз — кіраўнік адной з мінскіх фірмаў, якія займаюцца дыстрыбуцыяй, былы член "Белага легіёна".

За апошнія тры дні пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА адпушчана 12 абвінавачаных па гэтай справе.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён", афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт). Пазней частцы абвінавачваных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання). Пасля таго як КДБ спыніў першую справу (ч. 3 арт. 293), арыштаваныя заставаліся пад вартай у рамках другой крымінальнай справы сярод 14 яе фігурантаў.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа "Белага легіёна" да суда. "Справа ў тым, што следства аб'ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур'ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб'ектыўна разабрацца".

18 мая кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын паведаміла, што ЕС будзе ўважліва сачыць за так званай справай "Белага легіёна".

Шэраг назіральнікаў звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Мінску 5—9 ліпеня. У ёй чакаецца ўдзел каля 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН