Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/06/30/910075_123658/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2017 17:58
30.06.2017 15:31 Палітыка, Грамадства

Усе фігуранты справы "Белага легіёна" вызваленыя

Мінск, 30 чэрвеня. Усе фігуранты крымінальнай справы аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання (так званай справы "Белага легіёна") вызваленыя з СІЗА.
Зараз з журналістамі гутарыць Міраслаў Лазоўскі — былы кіраўнік "Белага легіёна", месцазнаходжанне якога апошнія чатыры гадзіны было невядомае.

Пра тое, што астатнія фігуранты гэтай крымінальнай справы павінны быць вызваленыя 30 чэрвеня, паведаміў сёння журналістам старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. На той момант у СІЗА знаходзіліся двое абвінавачаных — Віктар Мароз і Міраслаў Лазоўскі.

"Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. Зараз мы мяркуем, што падстаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе няма, і таму прынялі такое рашэнне. Што да перспектыў, то пра іх казаць рана — усё пакажа следства", — сказаў Наскевіч.

Многія назіральнікі звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Мінску 5—9 ліпеня. У ёй чакаецца ўдзел прыкладна 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў.

Затрыманні паводле абвінавачання ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля заявы, якую зрабіў Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка — за тры дні да Дня Волі, да якога апазіцыя рыхтавала традыцыйную вулічную акцыю. Лукашэнка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй".

КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш як 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пазней некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, дамашні арышт). Пазней частцы абвінавачаных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне на падставе артыкула 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што КДБ закрыў крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання перадаў у Следчы камітэт.

13 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа "Белага легіёна" да суда. "Справа ў тым, што следства аб'ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур'ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэтая праца ідзе для таго, каб аб'ектыўна разабрацца".

Пра тое, што ЕС уважліва сочыць за гэтай рэзананснай справай, заяўляла кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН