Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/07/06/eu_eu_910767_910768/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:56
06.07.2017 11:38 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Андрэа Віктарын: Рада, што фігурантаў справы "Белага легіёну" вызвалілі, але мы працягваем сачыць за сітуацыяй

Мінск, 6 ліпеня. Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын рада, што фігуранты справы "Белага легіёну" вызваленыя з заключэння. Пра гэта яна заявіла 6 ліпеня журналістам, адказваючы на пытанне БелаПАН.
"Рада, што яны вызваленыя — гэта тое, пра што мы прасілі. І цяпер трэба паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя. Важна, каб мы працягвалі ажыццяўляць дыялог з уладамі", — падкрэсліла Віктарын.

Яна таксама адзначыла, што ЕС працягвае "ўважліва сачыць" за сітуацыяй у Беларусі ў цэлым. Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва, застаюцца пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць ЕС, у тым ліку праблема смяротнага пакарання. "Але вельмі важна заставацца ў кантакце, весці дыялог і ўзаемадзейнічаць", — дадала Андрэа Віктарын.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў (так званая справа "Белага легіёну" або "справа патрыётаў") пачаліся 21 сакавіка, за тры дні да Дня Волі, да якога апазіцыя рыхтавала традыцыйную вулічную акцыю, пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй".

КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт). Пазней частцы абвінавачваных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання).

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома, што КДБ закрыў крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання перадаў у Следчы камітэт.

28 чэрвеня затрыманых па справе пачалі масава адпускаць з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, а 30 чэрвеня на волю выйшлі два апошнія фігуранты. У той жа дзень старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў журналістам: "Справа знаходзіцца на маім асабістым кантролі. Мы мяркуем, што падстаў для знаходжання пад вартай фігурантаў па справе няма, і таму прынялі такое рашэнне. Што тычыцца перспектыў, то пра іх казаць рана — усё пакажа следства".

Многія назіральнікі звязваюць вызваленне фігурантаў рэзананснай крымінальнай справы з сесіяй Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая адкрылася ў Мінску 5 ліпеня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН