Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/07/08/911228_911229/
Дата раздрукоўкі: 17.08.2017 04:58
08.07.2017 17:19 Палітыка

Гайдукевіч пра рэзалюцыю з крытыкай Беларусі: Нас трэба вучыць, а не выхоўваць

Мінск, 8 ліпеня. Прадстаўнік беларускай дэлегацыі на мінскай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, член Савета Рэспублікі Сяргей Гайдукевіч заявіў журналістам, што чакаў прыняцця дэкларацыі "Становішча ва Усходняй Еўропе", у якой крытыкуецца Беларусь, але "задаволены тым, што адбываецца".

"Калі паглядзець у глыбіню таго, што адбылося, то ў прынцыпе па пунктах рэзалюцыі розніца паміж тымі, хто прагаласаваў за і супраць нашых паправак, была восем-дзевяць чалавек, многія ўстрымліваліся. Гэта не проста поспех, гэта сведчыць аб тым, што гэта пакрокавая стратэгія, якая ажыццяўляецца ў дыялогу з намі, прыносіць карысць. Аб нашым пройгрышы гаворка не ідзе, нічога страшнага не адбылося", — сказаў ён.

Пры гэтым Гайдукевіч падкрэсліў, што "дэмакратыя можа быць толькі адна, няма беларускай або французскай дэмакратыі". "Я талерантны чалавек, прызнаю ўсе ўмовы дэмакратыі, абароны правоў чалавека. Толькі растлумачце мне: чаму адным гэта можна, а іншым нельга? Таму што вы крутыя, а я беларус? У вас 200—300 гадоў дэмакратыі, а ў нас суверэнітэту 25 гадоў. Так не робяць з тымі, хто ў вас вучыцца", — сказаў ён.

Гайдукевіч раіць еўрапейцам вучыць беларусаў, а не выхоўваць. "І калі гэта выхаванне розгамі, то на што вы спадзеяцеся? Калі вы баіцеся аднаго ваеннага вучэння (расійска-беларускія вучэнні "Захад-2017". — БелаПАН.), то будзе дзесяць, калі вы не будзеце нас слухаць. Каму гэта трэба? Хіба нельга вучню даць заданне і пачакаць год-паўтара? Ці яны хочуць, каб мы шлях да дэмакратыі прайшлі за 25 гадоў, калі яны яго ішлі 300 гадоў?" — сказаў ён.

"Дакумент носіць відавочна прадузяты і тэндэнцыйны характар, — заявіў журналістам дэпутат Дзярждумы Расіі Арцём Тураў. — Еўрапейскім калегам, перш чым указваць на якія-небудзь недахопы, трэба пачаць, у першую чаргу, з праблем уласных краін".

Ён прывёў прыклад разгону акцыі пратэсту ў Гамбургу ў сувязі з самітам "вялікай дваццаткі" "з дапамогай газу, гумовых куляў, вадамётаў і іншых спецсродкаў". "Свабода слова і права на распаўсюджванне інфармацыі заканчваецца ў гэтых краінах забаронай на тэлеэфір, у тым ліку расійскіх СМІ, штампамі пра прапаганду, а таксама забаронай у шэрагу еўрапейскіх краін працаваць нашым журналістам", — сказаў Тураў.

Ён падкрэсліў, што гэты праект рэзалюцыі з`яўляецца прыкладам "праславутых падвойных стандартаў, па якіх, на жаль, працуе шэраг еўрапейскіх краін".

Камітэт па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях ПА АБСЕ 8 ліпеня на пасяджэнні ў Мінску ўхваліў рэзалюцыю аб сітуацыі ва Усходняй Еўропе, у якой утрымліваецца крытыка Азербайджана, Беларусі і Расіі. Усе пункты па Беларусі ў дакуменце захаваны, у той час як усе папраўкі аб іх выключэнні з рэзалюцыі, якія прапаноўвала прыняць беларуская дэлегацыя, адхіленыя ў ходзе галасавання.

У дакуменце выказваецца шкадаванне з нагоды таго, што "парушэнні правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму носяць сістэмны і структурны характар, пра што наглядна сведчыць цэнтралізацыя заканадаўчай і выканаўчай улады ў руках прэзідэнта, чые ўказы з`яўляюцца асноўным заканадаўчым механізмам у краіне, што падрывае ролю парламента ".

ПА АБСЕ таксама шкадуе ў сувязі з тым, што "выбары ў Беларусі, уключаючы прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку 2015 года і парламенцкія выбары ў верасні 2016 года, не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі".

У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне "з нагоды ўвядзення абмежаванняў на свабоду сходаў, уключаючы амаль фактычную забарону на правядзенне пікетаў, дэманстрацый і мітынгаў прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных груп у Беларусі".

Акрамя таго, ПА АБСЕ выказвае "глыбокае шкадаванне з нагоды адсутнасці свабоды СМІ ў Беларусі, у тым ліку павелічэнне колькасці выпадкаў уціску журналістаў, законы, якія абмяжоўваюць свабоду эфірнага вяшчання і інтэрнэту, а таксама выбарачнае прымяненне правасуддзя ў дачыненні да незалежных журналістаў".
Сяргей Каралевіч, БелПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН