Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/07/17/912317_558964/
Дата раздрукоўкі: 20.11.2017 23:54
17.07.2017 16:02 Грамадства

Апараты Вярхоўнага і абласных судоў зведаюць структурную аптымізацыю

Мінск, 17 ліпеня. Эфектыўнасць працы судовай сістэмы пасля аб'яднання агульных і эканамічных судоў, пытанні аптымізацыі і ўдасканалення правапрымяняльнай практыкі ў шэрагу сфер абмяркоўваліся 17 ліпеня на рабочай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы папрасіў Сукалу праінфармаваць яго, як працуе судовая сістэма пасля аб'яднання судоў, а таксама выказаць меркаванне "на прадмет магчымай наяўнасці небяспечных тэндэнцый у эканоміцы зыходзячы з аналізу спраў, што разглядаюцца судамі". "Ваш пункт гледжання і вашы ацэнкі па дзейнасці вашых калегаў — тых, хто прыносіць у суды справы, асабліва крымінальныя. Магчыма, у эканоміцы нейкія (у вас гэта відаць, як у люстэрку, па гаспадарчай частцы) небяспечныя тэндэнцыі акрэсліваюцца або адбываюцца", — пацікавіўся Лукашэнка.

Сукала далажыў, што аб'яднаная судовая сістэма працуе ўжо тры гады, і да цяперашняга моманту асноўныя праблемы вырашаныя. Гэта ў першую чаргу тычыцца адзінства судовай практыкі і палітыкі, судаводства ў цэлым. "Тры гады паказалі, што мы адаптаваліся. Сёння судовая сістэма дастаткова ўстойлівая, рацыянальная і арганізацыйна кіраваная", — запэўніў старшыня Вярхоўнага суда.

Паводле яго слоў, вынікі апошніх трох гадоў паказваюць пазітыўныя змены ў якасці і аператыўнасці правасуддзя і ў агульных, і ў эканамічных судах. "Запланаваны комплекс мер, каб правасуддзе ў Беларусі больш аператыўна аднаўляла парушаныя правы грамадзян. Найперш гэтага плануецца дабіцца за кошт скарачэння выпадкаў адкладвання, прыпынення, перапынкаў у працэсе разгляду судовых спрэчак", — сказаў Сукала.

На сустрэчы абмеркаваная прапанова аб структурнай аптымізацыі ў судовых органах. Змены адбудуцца ў апаратах Вярхоўнага і абласных судоў. Будзе захаваны наяўны колькасны склад судзейскага корпуса, які, паводле ацэнкі Сукалы, "параўнальна невялікі". "Такім чынам, аптымізацыя закране толькі апараты вышэйшых судоў і дазволіць захаваць судзейскі корпус і якасць правасуддзя. Адпаведныя падыходы падтрыманыя кіраўніком дзяржавы", — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Сярод агульных праблем на сустрэчы таксама абмяркоўвалася пытанне прымянення інстытута банкруцтва і павышэння яго эфектыўнасці.

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны пра шэраг крымінальных спраў, папярэдняе расследаванне якіх знаходзілася ў яго на кантролі.

Лукашэнка таксама цікавіўся ходам будаўніцтва ў Мінску новага будынка Вярхоўнага суда. Паведамлена, што работы, пачатыя ў кастрычніку 2016 года, вядуцца аператыўна, з апярэджаннем графіка. Чакаецца, што да 7 лістапада 2018 года яны завершацца.

Пакет дакументаў, якія прадугледжваюць аб'яднанне сістэм агульных і эканамічных (гаспадарчых) судоў, набыў моц 1 студзеня 2014 года. Новую сістэму узначаліў адзіны вышэйшы судовы орган па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных і эканамічных справах — Вярхоўны суд. Пры гэтым гаспадарчыя суды абласцей і Мінска былі перайменаваныя ў эканамічныя. Аб'яднанне праводзілася з мэтай аптымізацыі судовай сістэмы.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН