Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/07/17/912339_589647/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2017 19:45
17.07.2017 17:02 Грамадства

Дваццаць ініцыятыўных груп звярнуліся з адкрытым лістом да Лукашэнкі ў сувязі з планамі ўладаў па ўшчыльненні Мінска

Мінск, 17 ліпеня. У сувязі з масавым прасоўваннем мясцовай уладай праектаў ушчыльнення сталічнай забудовы і негатыўным успрыманнем гэтага працэсу гараджанамі 20 ініцыятыўных груп звярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў БелаПАН каардынатар грамадскай ініцыятывы "Экаград" памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай Віктар Янчурэвіч.

Копіі ліста накіраваныя ва ўрад, парламент, Мінгарсавет, Камітэт дзяржбяспекі.

"Звярнуцца вымушае замоўчванне рэальнай сітуацыі ў горадабудаўнічай сферы Мінска. Так склалася, што генеральны план Мінска зацверджаны вашым указам, і ўсё, што адбываецца ў горадабудаўніцтве, прыкрываецца імем прэзідэнта", — гаворыцца ў звароце.

Аўтары падкрэсліваюць, што праекты развіцця гарадскіх тэрыторый распрацоўваюцца без удзелу грамадзян, уліку грамадскай думкі, патрэбаў мясцовых жыхароў. "Такі падыход да планавання ў горадабудаўніцтве цягне негатыўныя ацэнкі распрацаваных праектаў гараджанамі на грамадскіх абмеркаваннях, абвастрэнне сацыяльнай напружанасці, неабдуманае расходаванне бюджэтных сродкаў, нараджае ўзлаванасць і рост недаверу да ўлады сярод насельніцтва", — лічаць актывісты.

Паводле іх сцвярджэння, у горадзе пастаянна ўзнікаюць сацыяльныя канфлікты ў сувязі з пераўшчыльненнем забудовы, зносам прыватнага сектара, скарачэннем зялёных насаджэнняў, агульным пагаршэннем якасці асяроддзя пражывання — "усё гэта наступствы горадабудаўнічай палітыкі Мінгарвыканкама".

На думку ініцыятыўных груп, недапрацоўкі мясцовай улады "адлюстроўваюцца непасрэдна на іміджы і аўтарытэце вярхоўнай улады".

"Сёння ў сталіцы Рэспублікі Беларусь ужо сканцэнтравана больш за 20% насельніцтва дзяржавы. Шчыльнасць насельніцтва ў Мінску вышэйшая, чым у Маскве, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых сталіцах суседніх дзяржаў. Стрымліванне тэрытарыяльнага росту Мінска ў сувязі з запланаваным развіццём гарадоў-спадарожнікаў прадугледжвала скарачэнне аб'ёмаў будаўніцтва і адыход ад палітыкі ўшчыльнення існых жылых кварталаў, аднак павярнулася для горада глабальнай рэканструкцыяй з масавым зносам жылых дамоў, ушчамленнем правоў і інтарэсаў грамадзян", — гаворыцца ў звароце.

Падпісанты просяць Лукашэнку "ўзяць на кантроль сітуацыю і стварыць рабочую групу для аналізу неабходнасці і мэтазгоднасці ўшчыльнення забудовы Мінска, бо горадабудаўнічая палітыка, якая праводзіцца Мінгарвыканкамам, вядзе да эскалацыі сацыяльнага напружання і росту незадаволенасці сярод гараджан".

"Гэтым зваротам мы хочам паказаць, што праблема ўшчыльнення забудовы мае сістэмны характар і правакуе масавыя пратэсты звычайных гараджан. Узнікшы шмат гадоў таму ў мікрараёне Уручча-2, ушчыльненне стала агульнагарадскім галаўным болем, — заявіў Янчурэвіч. — Масавая атака грамадскімі абмеркаваннямі праектаў дэталёвай планіроўкі ў сезон летніх адпачынкаў кажа пра страту мясцовай уладай інстынкту самазахавання".

На думку каардынатара кампаніі, сёння ўлада можа праігнараваць меркаванне грамадскасці і зацвердзіць праект, але гараджане прадэманструюць яшчэ большую актыўнасць на этапе пачатку яго рэалізацыі, калі ўбачаць будаўнічую тэхніку ў сябе пад вокнамі.

"Горад будуецца і развіваецца для людзей. Да чаго такія рашэнні, якія не знаходзяць падтрымкі сярод насельніцтва? Горадабудаўнічая палітыка і практыка Мінска мае патрэбу ў карэктаванні, на гэта мы звяртаем увагу Лукашэнкі", — падсумаваў Янчурэвіч.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН