Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/07/21/912954_445566/
Дата раздрукоўкі: 17.08.2017 04:58
21.07.2017 14:37 Палітыка, Грамадства

Беларускі нацыянальны кангрэс: Ваенныя вучэнні "Захад-2017" парушаюць палажэнне Канстытуцыі аб імкненні краіны да нейтралітэту

Мінск, 21 ліпеня. Беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні "Захад-2017", што маюць адбыцца ў верасні, парушаюць замацаванае ў Канстытуцыі Беларусі палажэнне аб імкненні краіны да нейтралітэту, гаворыцца ў заяве, прынятай 21 ліпеня на пасяджэнні савета Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК).

"Да ўдзелу ў вучэннях рыхтуюцца тысячы вайскоўцаў з краіны, якая ўдзельнічае ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны, якая захапіла частку ўкраінскай зямлі і праз сваіх афіцыйных палітыкаў пагражае заходнім дзяржавам прымяненнем ядзернай зброі, — гаворыцца ў заяве, якую апублікаваў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" Мікалай Статкевіч. — Нас не могуць не хваляваць звесткі, што пасля вучэнняў расійскія ваенныя могуць застацца ў Беларусі, што ў нашых памежных раёнах рыхтуюцца базы для захоўвання расійскай зброі на выпадак вайны Расіі з НАТА або Украінай. Мы не хочам, каб беларусаў зноў зрабілі гарматным мясам у чужых войнах, каб на нашай зямлі лілася чалавечая кроў".

У БНК заяўляюць, што будуць разглядаць размяшчэнне чужых войскаў у краіне як "акт агрэсіі супраць Беларусі".

У заяве савета БНК таксама паведамляецца, што прынятае рашэнне правесці 8 верасня ў Мінску акцыю "Прысяга свабоды". У гэты дзень 25 гадоў таму "тысячы беларускіх вайскоўцаў, якія дзейнічаюць і якія ў запасе, прынялі на галоўнай плошчы сталіцы сімвалічную прысягу на вернасць Беларусі", адзначаецца ў заяве. "Іх клятва абараняць сваю радзіму прагучала на ўсю краіну. Яна была цвёрдым папярэджанняў тым, каму косткай у горле была маладая беларуская незалежнасць. Яна прымусіла тагачасную ўладу прывесці да афіцыйнай прысягі на вернасць Айчыне ўсё беларускае войска", — гаворыцца ў заяве.

Афіцыйна не зарэгістраваны Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны ў маі 2016 года з ініцыятывы групы грамадскіх і палітычных дзеячаў у мэтах кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН