Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/07/27/913561_913562/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2017 00:36
27.07.2017 12:56 Палітыка

Лукашэнка: На "Захад-2017" мы запрасілі вялікую колькасць назіральнікаў — прыязджайце, глядзіце

Мінск, 27 ліпеня. Вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017", якія маюць адбыцца, з'яўляюцца адкрытымі для назіральнікаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.
"Пра гэта шмат сказана, і я хацеў бы пачуць нешта новае. Усе старыя пытанні — і заклапочанасць НАТА, і нашы суседзі, і ва Украіне я нядаўна быў — усім усё патлумачылі, — адзначыў Лукашэнка. — Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем або ўжо запрасілі вялікую колькасць назіральнікаў. Прыязджайце, глядзіце".

Ён звярнуў увагу на той факт, што вучэнні маюць абарончы характар. "Разам з Расійскай Федэрацыяй традыцыйна правядзем гэтыя вучэнні", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас нарады Лукашэнка таксама паведаміў, што Беларусь, якая старшынствуе ў АДКБ, восенню правядзе сесію Савета калектыўнай бяспекі. "Ад Беларусі заўсёды чакаюць эфектыўнага старшынства. Нам трэба коратка абмеркаваць, як развіваюцца падзеі па беларускім старшынстве, як мы ажыццяўляем заяўленыя кірункі дзейнасці", — сказаў ён.

Сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017" пройдуць з 14 па 20 верасня. Прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 13 ліпеня на брыфінгу ў Мінску заявіў, што Беларусь запросіць назіраць за вучэннямі "Захад-2017" прадстаўнікоў замежных краін і міжнародных арганізацый, а таксама ваенных назіральнікаў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі.

Ён падкрэсліў, што дзяржавы — удзельніцы АБСЕ, у тым ліку Беларусь, не абавязаныя запрашаць назіральнікаў на вучэнні такога маштабу, у якіх задзейнічана менш за 13 тысяч ваеннаслужачых. "У той жа час, кіруючыся прынцыпам празрыстасці і дзейнічаючы па добрай волі, наша краіна ў ініцыятыўным парадку накіроўвае запрашэнні для ўдзелу ў назіранні за актыўнай фазай вучэнняў прадстаўнікам міжнародных арганізацый (ААН, АБСЕ, НАТА, АДКБ, СНД). Мы запросім і ваенных аташэ замежных краін, акрэдытаваных пры пасольствах ў Беларусі, — сказаў Мірончык. — Наколькі мне вядома, літаральна сёння па лініі Міністэрства абароны гэтыя запрашэнні будуць накіраваныя".

Прадстаўнік МЗС адзначыў, што сумесныя стратэгічныя вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, якія пройдуць у верасні 2017 года, носяць планавы характар. Такія вучэнні праводзяцца раз у два гады. "Яшчэ ў канцы 2016 года мы афіцыйна апавясцілі ўсе дзяржавы — удзельніцы АБСЕ аб вучэннях, як гэта і прадугледжана нашымі абавязацельствамі. Не пазней чым за 42 дні да пачатку вучэнняў дзяржавам — удзельніцам АБСЕ будзе накіравана ўся неабходная інфармацыя пра вучэнні "Захад-2017", — паведаміў Мірончык.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг 13 ліпеня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета Расія — НАТА ў Бруселі заявіў, што НАТА не бачыць пагроз з боку Расіі для краін — членаў Паўночнаатлантычнага альянсу ў сувязі з вучэннямі "Захад-2017". "Кожная краіна мае права праводзіць вучэнні, гэта тычыцца і Расіі. Мы не бачым ніякай пагрозы ў адрас якой-небудзь краіны НАТА", — сказаў Столтэнберг. Тым не менш, дадаў ён, у вучэннях прыме ўдзел больш сіл, чым заяўлена афіцыйна. "Цяпер занадта рана штосьці казаць, таму што вучэнняў яшчэ не было. Мяркуючы па вопыце папярэдніх вучэнняў, у нас ёсць усе падставы меркаваць, што будзе задзейнічана больш сіл, чым афіцыйна заяўлена цяпер", — сказаў генеральны сакратар.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс 19 ліпеня пасля сустрэчы ў Мінску з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем заявіў журналістам: "У нас больш няма пытанняў да Беларусі з нагоды вучэнняў "Захад-2017". "Калега вельмі падрабязна растлумачыў пазіцыю дзяржавы, і я гэтым задаволены", — дадаў ён.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН