Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/02/914045_914068/
Дата раздрукоўкі: 17.08.2017 04:59
02.08.2017 08:31 Палітыка

Ігар Кізім: Украіна ніколі не будзе спакойна ставіцца да ваенных вучэнняў з расійскай прысутнасцю

Мінск, 2 жніўня. Украіна ніколі не будзе спакойна ставіцца да ваенных вучэнняў, дзе ёсць расійская прысутнасць, заявіў у інтэрв`ю БелаПАН украінскі пасол Ігар Кізім, каментуючы будучыя беларуска-расійскія вучэнні "Захад-2017".
"Правядзенне вучэнняў — гэта заўсёды пытанне, якое не можа застацца без увагі, — сказаў ён. — Калі на тэрыторыі суседняй дзяржавы (усё роўна якой) праводзяцца шырокамаштабныя вучэнні, гэта выклікае пэўную трывогу ў любога суседа. Таму што ідзе мабілізацыя сіл і сродкаў, войскаў, якія могуць быць выкарыстаныя па любым прызначэнні. Натуральна, што ўсе краіны, якія знаходзяцца ў рэгіёне, падпісваюць пагадненні аб умацаванні мер даверу на двухбаковай і шматбаковай аснове. Аднак калі праходзяць вучэнні вялікія ў любой краіне, ваенна-палітычнае кіраўніцтва суседніх краін адразу пачынае хвалявацца".

Паводле слоў дыпламата, цікавасць да будучых вучэнняў вялікая яшчэ і таму, што першапачаткова не былі дакладна заяўленыя іх планы і задума. "Цяпер беларускі бок гэта зрабіў, а дэкларацыя аб тым, што будуць запрошаныя назіральнікі, супакойвае суседнія краіны", — дадаў Кізім.

Ён нагадаў, што Украіна таксама заяўляла пра занепакоенасць у сувязі з вучэннямі. "Нашы заявы рабіліся да таго, як была праведзеная прэзентацыя вучэнняў. Але трывога ўсё роўна застаецца, таму што гэта не беларускія, а беларуска-расійскія вучэнні, — падкрэсліў Кізім. — Вось тут у нас узнікае пытанне: слова "расійскія" выклікае ўвесь час трывогу з-за таго, што адбываецца зараз ва Украіне. Расія не прытрымліваецца сваіх слоў, Расія парушыла ўсе міжнародныя дамоўленасці, якія былі. З-за гэтых меркаванняў Украіна ніколі не будзе спакойна ставіцца да вучэнняў, дзе ёсць расійская прысутнасць".

Пасол адзначыў, што Расія плануе задзейнічаць у вучэннях Паўночна-заходнюю ваенную акругу — гэта, паводле яго слоў, "даволі вялікія сілы і сродкі". "Таму нам цяжка казаць, што мы абсалютна спакойныя з нагоды правядзення вучэнняў. Пакуль расійскія войскі будуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, поўнага спакою з нашага боку не будзе", — заявіў Кізім.

Тэма вучэнняў, паведаміў ён, абмяркоўвалася на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Украіны ў Кіеве. "Яна абмяркоўвалася ў кантэксце таго, што Аляксандр Рыгоравіч яшчэ раз запэўніў наш бок і прэзідэнта асабіста, што тэрыторыя Беларусі ніколі не стане плацдармам для агрэсіі супраць Украіны. Нашым прэзідэнтам было сказана, што беларуска-ўкраінская мяжа заўсёды будзе мяжой дружбы і міру. І гэта галоўнае, што можна сказаць у кантэксце вашага пытання і правядзення вучэнняў", — сказаў пасол.

Поўны тэкст інтэрв`ю публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by ("Белорусские новости").
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН