Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/02/914047_914048/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2017 16:47
02.08.2017 08:36 Палітыка

Пасол Ігар Кізім: Мы ўдзячныя Беларусі за яе прынцыповую пазіцыю па тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны

Мінск, 2 жніўня. Украінскі бок удзячны Беларусі за яе прынцыповую пазіцыю па пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, заявіў украінскі пасол у Беларусі Ігар Кізім у інтэрв'ю БелаПАН.

"У вас ёсць стратэгічнае партнёрства з Расіяй, а ў нас ёсць стратэгічнае партнёрства з Беларуссю, — сказаў ён. — Тая сітуацыя, якая склалася цяпер у гэтым трохвугольніку, — гэта па віне перш за ўсё Расіі. Калі б не было акупацыі Крыма, не было расійскай агрэсіі і ваеннай прысутнасці на Данбасе, то, вядома, гэтыя пытанні вырашаліся б па-іншаму. Беларусь у гэтай сітуацыі займае тую пазіцыю, якую можа заняць".

Кізім адзначыў, што ў міжнародных адносінах бакі вымушаныя шукаць кампрамісы. "У гэтым выпадку Беларусь абрала такі фармат з Украінай і Расіяй, які яе задавальняе. І мне здаецца, што за гэтыя гады мы з Беларуссю знайшлі свой фармат адносін, які і нас задавальняе, — сказаў ён. — Беларусі мы ўдзячныя за пазіцыю, якую яна заняла па Крыме. У рэшце рэшт, гэта выразная пазіцыя, якая кажа пра тое, што тэрытарыяльная цэласнасць была парушаная. І Беларусь выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны".

Паводле слоў дыпламата, Беларусь, "фактычна выконваючы нейтральную пазіцыю ў кантэксце падзей на Данбасе, стала той пляцоўкай, дзе бакі абгаворваюць пытанні па ўрэгуляванні сітуацыі". "Відавочна шчырае жаданне беларусаў нам дапамагчы, і гэтая пляцоўка важная для нас", — падкрэсліў ён.

Кізім адзначыў, што ў снежні мінулага года Беларусь у ААН галасавала супраць прыняцця рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме. "Пазіцыя Беларусі была растлумачаная тым, што Беларусь прынцыпова выступае супраць краінавага падыходу да праблематыкі правоў чалавека і галасуе супраць такіх рэзалюцый, — сказаў ён. — З нашага пункту гледжання, сітуацыя з Крымам у гэтым кантэксце крыху адрозніваецца. Але ў бачанні Беларусі гэта менавіта краінавы падыход. Вядома, нам было б пажадана, каб яна прагаласавала "за" ці хаця б ўстрымалася, але гэта пазіцыя беларускага боку, і гэта яго права".

З іншага боку, адзначыў украінскі дыпламат, на сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая прайшла ў пачатку ліпеня ў Мінску, беларускі бок падтрымаў уключэнне рэзалюцыі па аднаўленні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў заключны дакумент — Мінскую дэкларацыю. "І мы ўдзячныя беларускім парламентарыям за іх прынцыповую пазіцыю ў гэтым пытанні", — сказаў Кізім.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН