Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/02/914049_914066/
Дата раздрукоўкі: 21.11.2017 16:48
02.08.2017 08:45 Палітыка, Грамадства

Пакуль яшчэ рана гаварыць "аб затуханні мінскай пляцоўкі па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе", лічыць пасол Украіны

Мінск, 2 жніўня. Пакуль яшчэ рана гаварыць "аб затуханні мінскай пляцоўкі па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе". Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

"Прысутнічаючы на пасяджэннях кантактнай групы, магу сказаць, што нейкага значнага прарыву публіцы, можа быць, і не відаць, але вядзецца штодзённая праца па мностве пытанняў, прычым часам яна тычыцца быццам бы дробязяў, але гэта вельмі скрупулёзны, метадычны, крок за крокам, пошук кампрамісу. Пытанняў шмат. Гэта патрабуе пастаянных кантактаў. Сітуацыя ў некаторых пытаннях змяняецца даволі хутка і непрадбачана", — сказаў дыпламат.

Гэта, у прыватнасці, тычыцца выпадкаў парушэння перамір'я. "89% — гэта з таго боку, які кантралюецца баевікамі і Расіяй. Усё, што ідзе з украінскага боку, — гэта толькі ў адказ. Трэба дакладна разумець, што ўсё гэта спынілася б вельмі хутка, калі б Расія перастала пастаўляць туды зброю", — дадаў Кізім.

Акрамя спынення агню, адной з галоўных тэм перамоў у Мінску з'яўляюцца пытанні гуманітарнага характару, паведаміў пасол. "Украінскі бок зрабіў усё для таго, каб ажыццявіць абмен палоннымі, але з таго боку пастаянна ўзнікаюць нейкія дадатковыя патрабаванні, напрыклад па новай праверцы спісаў і гэтак далей, — сказаў дыпламат. — Ім не патрэбны гэты абмен. Калі Украіна за кожнага свайго грамадзяніна, воіна, абаронцу гатовая аддаць у тры разы больш, то баевікам вяртанне іх палонных не патрэбна. Гэта не кажучы ўжо пра тое, што тыя з іх, якія сёння з'яўляюцца асуджанымі і адбываюць пакаранне ва Украіне, прама кажуць, што не жадаюць вяртацца на часова не падкантрольныя Украіне тэрыторыі Данбаса".

На пасяджэннях трохбаковай кантактнай групы, паводле слоў Кізіма, таксама вырашаецца шмат пытанняў эканамічнага плана. "Напрыклад, няма электрычнасці — як арганізаваць пастаўкі і плату за іх. Ці як арганізаваць допуск рамонтных брыгад, каб водазабеспячэнне было наладжана. І ўсе гэтыя пытанні вырашаюцца ў рамках пасяджэнняў кантактнай групы і яе падгруп", — адзначыў дыпламат.

Што тычыцца грамадзян іншых краін, якія ўдзельнічаюць у канфлікце на Данбасе на баку так званых ДНР/ЛНР, то, як заявіў пасол, у разуменні Украіны ўсе яны "займаюцца тэрарыстычнай дзейнасцю".

"Тут дваякага разумення не можа быць: на тэрыторыі Украіны, суверэннай дзяржавы, знаходзяцца незаконныя ўзброеныя фарміраванні, якія вядуць тэрарыстычную дзейнасць — страляюць у людзей, рабуюць і гэтак далей. Таму грамадзянін любой краіны, які ўдзельнічае на тым баку ў гэтай злачыннай дзейнасці, падпадае пад дзеянне заканадаўства Украіны, — падкрэсліў Кізім. — Што тычыцца ступені пакарання або амністыі — гэта ўсё рашэнне суда. Але амністыі для ўсіх не будзе. Калі чалавек, які прымаў удзел у баявых дзеяння на тым баку, дакажа ў судзе, што ён не ўдзельнічаў у расстрэле некамбатантаў, у марадзёрстве, у здзеках, негуманным стаўленні да палонных і гэтак далей, суд гэта прыме да ўвагі. Яго могуць амніставаць або знізіць ступень пакарання, што ў нас адбываецца даволі часта, калі чалавек прыходзіць з пакаяннем".

Паводле слоў дыпламата, яму невядома пра факты прыцягнення ва Украіне беларускіх грамадзян да адказнасці за ўдзел у канфлікце на Данбасе з боку ДНР/ЛНР.

Што да беларусаў, якія ваююць на баку афіцыйнага Кіева, то яны служаць ва Узброеных сілах Украіны афіцыйна, па кантракце, заявіў пасол. "Зусім іншае заканадаўства дзейнічае ў дачыненні да іх. Якое ў Беларусі да іх заканадаўства дзейнічае — гэта іншае пытанне. Тыя людзі, якія паехалі змагацца супраць расійскай агрэсіі, у маім разуменні, яны — героі. Але яны мелі ўяўленне і аб беларускім заканадаўстве, калі прымалі для сябе рашэнні. Мы не можам ўмешвацца ў заканадаўства іншай краіны", — сказаў дыпламат.

У той жа час у іх ёсць магчымасць атрымаць украінскае грамадзянства. "Мы іх на тэрыторыі Украіны, дзе яны падпадаюць пад наша заканадаўства, абараняем. Але калі яны выязджаюць у тую ж Расію, там могуць у іх быць праблемы таксама", — дадаў пасол.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН