Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/02/914453_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2017 00:34
02.08.2017 17:22 Грамадства

Кіраўніцтва прафсаюза РЭП абвінавачваецца ў нявыплаце падаткаў

Мінск, 2 жніўня. Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) распачаў крымінальную справу ў дачыненні да старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка па фактах ухілення ад выплаты падаткаў.
"Органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па фактах ухілення ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў аднаго з прафесійных саюзаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце КДК.

Назва прафсаюза не пазначаецца, але гаворка ідзе пра незалежны прафсаюз РЭП, дзе сёння раніцай прадстаўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК правялі шасцігадзінны вобшук.

Як адзначаецца ў паведамленні КДК, падчас праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі (Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік. — БелаПАН.) з "мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)".

"Пры гэтым службовыя асобы прафсаюза парушылі патрабаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой. Такім чынам яны спрабавалі ўтаіць факты атрымання за межамі нашай краіны даходаў і ўхіліцца ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго гэтыя службовыя асобы рэгулярна выязджалі за межы краіны", — гаворыцца ў паведамленні камітэта.

Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску ў дачыненні да дзвюх службовых асоб прафсаюза распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) КК.

"Работнікамі фінансавай міліцыі праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, накіраваныя на дакументаванне супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб прафсаюза, а таксама выяўленне іншых парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Таксама вырашаецца пытанне аб затрыманні вінаватых асоб. У цяперашні час гэты прафсаюз працягвае дзейнічаць, яго праца не паралізоўвалася", — гаворыцца ў паведамленні.

Як паведамлялася раней, акрамя офіса прафсаюза РЭП у Мінску вобшук сёння таксама прайшоў у памяшканні Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) у Салігорску. Пра гэта БелаПАН паведаміў Аляксандр Ярашук — старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, у склад якога ўваходзяць прафсаюз РЭП і БНП. Цяпер Ярашук знаходзіцца ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК, куды яго выклікалі "для дачы тлумачэнняў".

Шэсць гадоў таму, у жніўні 2011 года, па аналагічным абвінавачванні ў Мінску быў арыштаваны лідар закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Яго абвінавацілі ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН