Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/02/914493_914494/
Дата раздрукоўкі: 17.08.2017 04:59
02.08.2017 20:55 Палітыка, Грамадства

Алесь Бяляцкі: Няма сумневу, што справа кіраўнікоў прафсаюза РЭП палітычная

Мінск, 2 жніўня. Лідар закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі лічыць, што справа кіраўнікоў прафсаюза РЭП з`яўляецца палітычнай. Пра гэта Бяляцкі заявіў, каментуючы распачынанне Камітэтам дзяржкантролю крымінальнай справы ў дачыненні да старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка па фактах ухілення ад выплаты падаткаў.

"Няма сумневу, што справа гэтая палітычная. Улады вырашылі расправіцца з няўгоднымі і насамрэч незалежнымі прафсаюзамі, помсцячы за вясну-2017 і баючыся гарачай восені, бо асноўныя праблемы ў эканоміцы не вырашаныя, і яны прадугледліва б`юць па самых для іх небяспечных", — цытуе Бяляцкага праваабарончы сайт spring96.org.

"Затрыманы кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Затрымліваў яго ДФР КДК, дакладна, як мяне. І абвінавачванне тое ж самае, нясплата падаткаў у асабліва буйных памерах, артыкул 243 частка 2", — адзначыў праваабаронца.

На яго думку, "беларускае грамадства павінна як найхутчэй і як найгалосней выказацца па справе затрымання Генадзя Фядыніча", каб не дапусціць з`яўлення новых палітвязняў у Беларусі.

Як паведамлялася, Камітэт дзяржкантролю днём 2 жніўня апублікаваў на сваім сайце паведамленне пра тое, што органы фінансавых расследаванняў распачалі справу па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) "у дачыненні да кіраўнікоў аднаго з прафесійных саюзаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі".

Назва прафсаюза не пазначана, але гаворка ідзе пра незалежны прафсаюз РЭП, у офісе якога сёння раніцай прадстаўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК правялі шасцігадзінны вобыск, канфіскавалі дакументы і тэхніку.

Як адзначаецца ў паведамленні КДК, у ходзе праверкі ўстаноўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з "мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)" .

"Пры гэтым службовыя асобы прафсаюза парушылі патрабаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой. Такім чынам яны спрабавалі ўтаіць факты атрымання за межамі нашай краіны даходаў і ўхіліцца ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго гэтыя службовыя асобы рэгулярна выязджалі за межы краіны", — гаворыцца ў паведамленні камітэта.

Вобыск сёння прайшоў не толькі ў офісе прафсаюза РЭП у Мінску, але і ў памяшканні Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) у Салігорску. Пра гэта БелаПАН паведаміў Аляксандр Ярашук — старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, у склад якога ўваходзяць прафсаюз РЭП і БНП. Ярашук быў выкліканы ў дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК "для дачы тлумачэнняў".

Шэсць гадоў таму, у жніўні 2011 года, па аналагічным абвінавачанні ў Мінску быў арыштаваны Алесь Бяляцкі. Яго абвінавацілі ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН