Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/03/914535_114785/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2017 00:34
03.08.2017 11:12 Грамадства

Лідар Беларускага незалежнага прафсаюза Мікалай Зімін і казначэй Сняжана Грынцэвіч пасля допыту ў КДК былі адпушчаныя

Мінск, 3 жніўня. Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Мікалай Зімін і казначэй арганізацыі Сняжана Грынцэвіч пасля допыту ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю былі адпушчаныя.

Як паведаміў Зімін БелаПАН, пасля вобыску, які прайшоў раніцай 2 жніўня ў офісе БНП у Салігорску, іх даставілі ў Мінск на размову. У дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) яны прыехалі блізу 17.00, выйшлі ўжо пасля 19.00. Пра змест гутаркі Зімін сказаць не можа, бо з яго ўзятая падпіска аб нераскрыванні. Ён толькі паведаміў, што прадстаўнікі ДФР цікавіліся працай прафсаюза і паводзілі сябе карэктна.

На просьбу пракаментаваць сітуацыю старшыня прафсаюза адказаў: "Што я магу сказаць? Яны робяць сваю працу, мы — сваю".

Падчас вобыску ў салігорскім офісе канфіскаваныя камп'ютарныя жорсткія дыскі. У Зіміна таксама канфіскаваны асабісты мабільны тэлефон.

Пра вобыскі ў БНП і мінскім офісе незалежнага прафсаюза РЭП стала вядома 2 жніўня ў другой палове дня. Неўзабаве пасля гэтага Камітэт дзяржкантролю паведаміў аб распачынанні крымінальнай справы "па фактах ухілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да кіраўнікоў аднаго з прафесійных саюзаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі". Справа распачатая ДФР КДК па Мінскай вобласці і Мінску на падставе ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Прозвішчы фігурантаў КДК не назваў, але вядома, што гаворка ідзе пра старшыню прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка. Як вынікае з паведамлення камітэта, іх абвінавачваюць у тым, што з "мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч долараў ЗША)". У паведамленні адзначалася, што "вырашаецца пытанне аб затрыманні вінаватых асоб".

Фядыніча адпусцілі ўчора вечарам. Комлік, паводле наяўнай інфармацыі, адпраўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН