Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/03/914544_441205/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2017 18:03
03.08.2017 12:48 Палітыка, Грамадства

Фядыніча падазраюць у нявыплаце 22 тыс. рублёў падаткаў у 2011 годзе

Мінск, 3 жніўня. Адпушчаны на волю лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч знаходзіцца ў статусе падазраванага па справе, распачатай дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Фядыніч заявіў БелаПАН і "Нашай ніве", што падпіску аб нявыездзе з яго не бралі, але ўзятая падпіска пра нераскрыванне таямніцы следства.

Паводле слоў прафсаюзнага лідара, яму назвалі памер нявыплачаных падаткаў — 22 тыс. дэнамінаваных рублёў з сумы, атрыманай у 2011 годзе. Суму даходу яму не назвалі.

"Але я падаткі заўсёды плаціў і плачу. Ніякіх лішніх грошай не меў і не маю", — заявіў Фядыніч.

Ён паведаміў, што да яго прыйшлі з вобыскам 2 жніўня а 9-й гадзіне. "Былі хлопцы ў ліфце, апранутыя як сантэхнікі. Надзелі на мяне "бранзалеты". Сказалі, што ў сувязі з крымінальнай справай", — адзначыў Фядыніч.

У яго кватэры канфіскаваныя камп'ютар і дакументы. Сама кватэра, маёмасць у ёй, а таксама аўтамабіль апісаныя.

Паводле інфармацыі прафлідара, вобыск у памяшканні прафсаюза хацелі праводзіць яшчэ 31 ліпеня, у дзень 60-годдзя Фядыніча, але перанеслі з-за таго, што ў офісе сабралася шмат людзей. Тое, што адбываецца, ён ацэньвае як націск на прафсаюз РЭП у прыватнасці і незалежны прафсаюзны рух у цэлым. "Звязваю гэта з актыўным удзелам членаў РЭП у вясновых пратэстах і той падтрымкай, якую РЭП аказваў людзям", — сказаў кіраўнік прафсаюза.

"РЭП сёння з'яўляецца адной з нямногіх грамадскіх арганізацый, якія актыўна абараняюць людзей", — адзначыў ён.

На просьбу ацаніць крытычныя выказванні кіраўніка Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука на адрас лідараў прафсаюза РЭП Фядыніч заявіў, што яму "зусім не хочацца гэта каментаваць". "Няхай гэта застаецца на яго сумленні", — сказаў ён.

Аб тым, што адбылося, паводле слоў Фядыніча, праінфармаваны міжнародны прафсаюз IndustriALL. Чакаецца рэакцыя міжнароднага прафсаюзнага руху.

Другі фігурант крымінальнай справы, галоўны бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік, знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. "У яго праблемы са здароўем, глаўкома, спрабуем зараз перадаць яму лекі", — паведаміў Фядыніч.

Прафлідар сустрэўся з журналістамі ў офісе закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна". Яго кіраўнік Алесь Бяляцкі адзначыў, што ў апошнія гады ўлады прынялі шэраг законаў, якія абмяжоўваюць працу НДА і робяць больш жорсткім кантроль над імі. "Заканадаўства стварае праблемы для іх працы, а ва ўладаў ёсць адвольны механізм рэпрэсій у адносінах да арганізацый грамадзянскай супольнасці і прафсаюзаў", — сказаў Бяляцкі.

На яго думку, прычынай атакі уладаў на незалежныя прафсаюзы сталі асцярогі перад магчымымі пратэстамі восенню, нявырашаныя сацыяльна-эканамічныя пытанні і прынцыповая пазіцыя РЭП па абароне правоў працоўных і беспрацоўных.

"Усё гэта вымусіла ўлады зрабіць прэвентыўны ўдар", — лічыць Бяляцкі. Ён перакананы, што палітычны кантэкст справы відавочны. Бяляцкі параўнаў яе з уласнай справай шасцігадовай даўнасці.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН