Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/03/914625_12345/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2017 00:33
03.08.2017 19:42 Грамадства, Палітыка

Праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка

Мінск, 3 жніўня. Праваабарончыя арганізацыі 3 жніўня выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафарганізацыі Ігара Комліка. Тэкст заявы публікуе праваабарончы сайт spring96.org.

Як нагадваюць праваабаронцы, паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, падчас праверкі ў межах распачатай крымінальнай справы ўстаноўлена, што "старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў".

"Аналагічная крымінальная справа была распачатая ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, што адназначна было расцэнена праваабарончай і міжнароднай супольнасцю як пераслед за яго шматгадовую праваабарончую дзейнасць", — нагадваюць аўтары заявы.

"Лічым крымінальную справу, распачатую ў дачыненні да кіраўнікоў прафсаюза РЭП Ігара Комлік і Генадзя Фядыніча, палітычна матываванай, звязанай з іх актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцый", — гаворыцца ў заяве.

"Гэтую крымінальную справу мы адназначна ўспрымаем як атаку на незалежны прафсаюзны рух, звязаную з іх грамадскай актыўнасцю, і імкненне ўладаў запалохаць арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, — адзначаюць праваабаронцы. — У гэтай сувязі хочам нагадаць, што прафсаюз РЭП сабраў больш за 45 тысяч подпісаў супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" і актыўна ўдзельнічаў у "Маршах недармаедаў", якія праходзілі ў многіх гарадах Беларусі вясной 2017 года, прававыя інспектары прафсаюза аказвалі прававую дапамогу грамадзянам".

Праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Яны таксама заявілі, што ў сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаюць яго ў якасці палітвязня і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

Адначасова аўтары заявы запатрабавалі "спыніць націск на незалежны прафсаюзны рух" і заклікалі "адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў іх дзейнасць".

"Заклікаем беларускую грамадскасць і міжнародную супольнасць ужыць усе магчымыя сродкі палітычнага і прававога націску на ўрад Беларусі з мэтай вызвалення Ігара Комліка", — гаворыцца ў дакуменце.

Заяву падпісалі: закрыты ўладамі ў 2003 годзе праваабарончы цэнтр "Вясна", Цэнтр прававой трансфармацыі, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва", ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", таварыства "Ініцыятыва FORB", камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х`юман Канстанта".
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН