Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/07/914872_12345/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 07:08
07.08.2017 13:41 Палітыка

Міхаіл Саакашвілі лічыць рэальнай пагрозу акупацыі Беларусі з боку Расіі падчас вучэнняў "Захад-2017"

Мінск, 7 жніўня. Экс-прэзідэнт Грузіі, былы кіраўнік Адэскай вобласці Украіны Міхаіл Саакашвілі лічыць рэальнай пагрозу акупацыі Беларусі Расіяй падчас сумесных беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў "Захад-2017". Пра гэта ён заявіў 6 жніўня ў Варшаве на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх нацыянальных супольнасцяў у Польшчы, паведамляе "Радыё Рацыя".

Саакашвілі падкрэсліў, што заўсёды быў "адвакатам Беларусі" і лічыў незалежнасць найбольшай каштоўнасцю Беларусі. "Вядома, я за свабоду беларускага народа, я ўпэўнены, што ў дэмакратычнай будучыні Беларусі ўвогуле няма ніякай альтэрнатывы, таму што беларусы — адзін з найбольш прасунутых народаў у свеце. Але з іншага боку, трэба змагацца за незалежнасць, бараніць незалежнасць і ўлічваць усе фактары", — дадаў ён.

"Я думаю, што на гэты момант Пуцін — з Лукашэнкам ці без яго — хоча прыхапіць сабе Беларусь, і мы не павінны даць яму такую магчымасць", — заявіў Саакашвілі.

Ён мяркуе, што пасля вучэнняў "Захад-2017" частка расійскіх войскаў можа застацца на тэрыторыі Беларусі. На думку экс-прэзідэнта Грузіі, расійскія воінскія падраздзяленні могуць быць выкарыстаныя на беларускай тэрыторыі як для актыўных дзеянняў супраць Украіны, так і для акупацыі Беларусі.

Стратэгічныя вучэнні "Захад-2017" пройдуць з 14 па 20 верасня на тэрыторыі Беларусі і Расіі.

Афіцыйныя прадстаўнікі Літвы і Украіны неаднаразова выказвалі занепакоенасць з гэтай нагоды, не выключаючы, што Расія можа выкарыстаць Беларусь у якасці плацдарма для пачатку ваенных дзеянняў у дачыненні да іх.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра безгрунтоўнасць падобнай боязі, а таксама пра гатоўнасць зрабіць наступныя вучэнні "адкрытымі для ўсіх". Так, на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі 27 ліпеня ў Мінску ён падкрэсліў, што вучэнні "Захад-2017" маюць абарончы характар, на іх запрошаныя прадстаўнікі замежных краін, міжнародных арганізацый, а таксама замежныя ваенныя назіральнікі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН