Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/08/915052_445566/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 14:01
08.08.2017 15:35 Грамадства, Эканоміка

Фігуранты справы ашмянскіх мытнікаў прыгавораныя да зняволення на тэрміны ад 5 да 11,5 гадоў

Мінск, 8 жніўня. Прысуды па справе групы ашмянскіх мытнікаў і бізнесменаў, падазраваных у здзяйсненні карупцыйных злачынстваў, абвешчаныя ў Мінскім абласным судзе 8 жніўня.
Галоўны фігурант — Гарнік Сарумянц — прыгавораны да 11 з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Астатнія 13 былых мытнікаў атрымалі ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Згодна з падлікамі следчых, сума хабару склала прыблізна 900 тысяч долараў. У абвінавачанні адзначаецца, што фармаванне злачыннай групы адбывалася паэтапна. Ініцыятарам выступіў Сарумянц — былы начальнік пункта мытнага афармлення "Каменны Лог", які звольніўся з мытных органаў яшчэ да затрымання. Паводле інфармацыі следства, пасля звальнення Сарумянц прапанаваў супрацоўніцтва Віктару Фалевічу, які на той момант выконваў абавязкі начальніка мытнага пункта "Гудагай". Фалевіч прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Паводле версіі абвінавачання, у першым квартале 2010 года Сарумянц сустрэўся ў Вільнюсе з грамадзянінам Літвы, каб дамовіцца аб перадачы грошай за бесперашкодны пропуск партыі кветак цераз "Каменны Лог". Пасля гэтага атрыманне хабару за нелегальную кветкавую прадукцыю, якая адпраўлялася на адрас больш як дзесяці расійскіх арганізацый, было пастаўленае на паток, а ў кіраўніцтва групы прыцягваліся новыя службовыя асобы мытні. Памер хабару за пропуск адной фуры з кветкамі складаў ад 100 да 260 долараў. Усяго цераз мяжу такім чынам было прапушчана больш за чатыры тысячы машын.

Пра выяўленне карупцыйнай схемы на Ашмянскай мытні паведаміў 5 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка. Расследаваннем займаўся КДБ. У сакавіку і красавіку 2016 года было затрымана прыблізна 20 былых і дзейных супрацоўнікаў мытнага пункта "Каменны Лог", распачата пяць крымінальных спраў за атрыманне і даванне хабару. З канца лістапада гэтыя справы разглядаюцца ў розных судах Мінска. Фігурантамі спраў, згодна з наяўнай інфармацыяй, выступаюць прыкладна 60 чалавек. У Мінскім абласным судзе разглядалі справу верхавіны карупцыйнай схемы.

Паведамлялася, што ў доме Сарумянца праваахоўнікі пад ваннай знайшлі 1,8 млн долараў наяўнымі. Абвінавачаны ў судзе растлумачыў, што проста перавёз цераз мяжу грошы знаёмага бізнесмена.

Дзеянні большасці абвінавачаных кваліфікаваліся на падставе ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), арт. 431 (даванне хабару) КК.

На лаве падсудных таксама апынуліся два бізнесмены — індывідуальны прадпрымальнік з Астраўца Павел Равака і камерцыйны дырэктар кампаніі "Літоўскі транзіт" Артур Тураеў, грамадзянін Літвы. Яны атрымалі самае мяккае пакаранне: Равака — тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (так званая дамашняя хімія), Тураеў — штраф у 46 тысяч рублёў. Тураеў — адзіны, хто выйшаў сёння на волю з залы суда.

"Я рады, што суд прыняў такое рашэнне. Было бачна, што суддзя сапраўды хацеў разабрацца ў справе. Прызнаюся шчыра: спадзяваўся, што мяне вызваляць, але ўсё роўна гэта стала нечаканасцю", — сказаў журналістам літоўскі бізнесмен.

У судзе Тураеў сцвярджаў, што даваў хабар вымушана — па-іншаму весці бізнес было проста немагчыма. "Я атрымаў добры ўрок", — сказаў ён.

З 16 фігурантаў справы 11 знаходзіліся пад вартай, пяць — пад дамашнім арыштам і падпіскай аб нявыездзе. На апошніх надзелі наручнікі сёння ў зале суда.

У прысудзе пералічаная маёмасць абвінавачаных, якая падлягае канфіскацыі, — гэта тыя самыя 1,8 млн долараў, канфіскаваныя ў Сарумянца, а таксама некалькі кватэр і аўтамабіляў.

Суддзя Алег Лапека вынес два прыватныя вызначэнні аб парушэннях у працы мытні і КДБ.

Прысуды могуць быць абскарджаныя ў Вярхоўным судзе.

Тым часам працэсы над іншымі фігурантамі справы ашмянскіх мытнікаў працягваюцца.
Адар'я Гуштын, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН