Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915374_915375/
Дата раздрукоўкі: 15.12.2017 22:56
11.08.2017 11:16 Фінансы, Эканоміка

Эканамічныя ўлады вывучаюць магчымасць стварэння рынку праблемных актываў

Мінск, 11 жніўня. Урад і Нацбанк распрацоўваюць дакументы, неабходныя для стварэння рынку праблемных актываў. Паводле ацэнкі экспертаў, гэта будзе садзейнічаць вырашэнню даўгавых праблем прадпрыемстваў, але ў працэсе фарміравання рынку дрэнных актываў можа ўзнікнуць шэраг далікатных пытанняў.
Гэта тэма актыўна абмяркоўваецца ў дзяржорганах яшчэ з вясны. На пасяджэнні Савета міністраў 1 жніўня прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў адзначаў, што пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках за пяць месяцаў 2017 года вырасла на чвэрць. "Варта ствараць так званы рынак праблемных актываў", — заявіў прэм'ер.

Цяпер пытанне прапрацоўваецца на ўсіх узроўнях. Праект адпаведнага дакумента быў падрыхтаваны яшчэ вясной. Ён прадугледжвае стварэнне спецыялізаванага інстытута, які будзе пры банках займацца разгрузкай іх праблемнай запазычанасці. Пры гэтым плануецца ўкараніць механізм дыскантавання — гэта значыць праблемныя пазыкі ў банкаў будуць выкупляцца з дысконтам, паведаміла БелаПАН інфармаваная крыніца.

Паводле ацэнкі экспертаў, рынак праблемных банкаўскіх актываў адкрые больш магчымасцяў для вырашэння даўгавых праблем прадпрыемстваў.

Каментуючы БелаПАН планы ўрада, дырэктар інвестыцыйнай кампаніі "Волат Капітал" Сяргей Муханаў растлумачыў: "Увогуле, механізм наступны: арганізацыя, якая выкупляе таксічныя актывы, ацэньвае верагодную суму вяртання часткі праблемнага доўгу і з улікам гэтага ўсталёўвае кошт (з дысконтам), па якім гатовая праблемны доўг выкупіць у банка".

Эксперт адзначыў, што на працягу многіх гадоў цяжкасці рэальнага сектара, звязаныя з назапашаным даўгавым цяжарам, вырашаліся пры падтрымцы дзяржавы. "Сёння фінансавыя рэсурсы займацца гэтым у бюджэту абмежаваныя, таму дзяржава заканамерна ініцыюе стварэнне рынку праблемных даўгоў. Гэта спосаб прыцягнуць альтэрнатыўныя рэсурсы, у тым ліку замежнага капіталу, для вырашэння праблемы дрэнных даўгоў на ўзроўні прадпрыемстваў", — лічыць Муханаў.

У той жа час, дадаў ён, фарміраванне рынку дрэнных даўгоў — няпросты працэс, які можа паставіць шэраг далікатных пытанняў. "У прыватнасці, рынак можа паказаць, што дысконт па праблемных актывах, з улікам якога спецыялізаваная кампанія захоча выкупляць праблемны доўг, можа аказацца значным. Адпаведна, банкам, улічваючы такую рыначную інфармацыю, трэба будзе дастварыць рэзервы за кошт прыбытку па аналагічных у партфелі таксічных актывах, а гэта балючы працэс для крэдытных арганізацый", — кажа эксперт.

Як бы там ні было, стварэнне рынку праблемных даўгоў — важны фінансавы інструмент, які павінен быць у краіне, і ён дапамагае вызначыць справядлівы (рыначны) кошт таксічных актываў, падкрэсліў Муханаў.

"Адпаведна, калі рынак праблемных актываў, стварэнне якога сёння абмяркоўваецца, па нейкіх прычынах не з'явіцца, гэты інструмент не ўзнікне. Мінус гэтай сітуацыі заключаецца ў тым, што дзяржаве прыйдзецца ў ручным рэжыме, як мы гэта ўжо бачылі ў 2015—2016 гадах, кіраваць праблемнымі пазыкамі. Такая сітуацыя цяжкая для бюджэту і не заўсёды эфектыўная", — заявіў дырэктар інвестыцыйнай кампаніі "Волат Капітал".
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН