Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915381_915382/
Дата раздрукоўкі: 23.11.2017 19:31
11.08.2017 12:06 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Сярэдняя зарплата ў 2018 годзе можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў

Мінск, 11 жніўня. Прадпрыемствы з нізкай зарплатай неабходна ў 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тыс. рублёў. Калі гэта будзе выканана, то сярэдняя зарплата па краіне ў наступным годзе можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня падчас наведвання Брэста.
"Мы адну тысячу рублёў будзем мець, але гэта будзе сярэдняя зарплата. Ёсць прадпрыемствы, якія гэту сярэднюю зарплату цягнуць уверх, гэта добра. Але палова, можа, крыху менш прадпрыемстваў, дзе мы не дацягваем да гэтага ўзроўню, і наогул там зарплата невялікая. За 2018—2019 гады, асабліва за 2018 год, мы бярэмся за тыя прадпрыемствы, на якіх мала зарабляюць, каб іх падцягнуць да тысячы рублёў", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Калі гэта будзе выканана, то сярэдняя зарплата па краіне можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў, лічыць кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён заявіў, што сярэдні ўзровень зарплаты ў тысячу рублёў да канца гэтага года неабходна замацаваць, каб у пачатку 2018-га не атрымаць зніжэння. "Трэба стабільна выходзіць на сярэднюю зарплату, і у 2018 годзе самую нізкую падцягваць да ўзроўню сярэдняй", — распарадзіўся Лукашэнка.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук заявіў, што Брэст да канца 2017 года стабільна выйдзе на сярэднюю зарплату ў тысячу рублёў.

Паводле звестак Белстата, у чэрвені сярэдняя намінальная налічаная зарплата па краіне склала 819,3 рубля. У параўнанні з маем яна вырасла на 24,1 рубля (на 3%). У студзені 2017 года сярэдняя зарплата складала 720,7 рубля, у лютым — 716,5, сакавіку — 770,6, красавіку — 776,7, маі — 795,2.

Сярод рэгіёнаў найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата ў чэрвені традыцыйна была зафіксаваная ў Мінску — 1.089 рублёў, найменшая — у Віцебскай вобласці (694,6). У Брэсцкай вобласці гэты паказчык быў на ўзроўні 706 рублёў, Гомельскай — 730,5, Гродзенскай — 708,7, Мінскай — 823,2, Магілёўскай — 701 рубель.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН