Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/11/915519_12345/
Дата раздрукоўкі: 17.08.2017 04:48
11.08.2017 21:18 Эканоміка

Беларускія мытнікі выявілі ў першым паўгоддзі больш за 15,7 тыс. парушэнняў заканадаўства

Мінск, 11 жніўня. Беларускія мытнікі выявілі ў першым паўгоддзі больш за 15,7 тыс. парушэнняў мытнага заканадаўства, распачата 113 крымінальных спраў, з іх 67 — па фактах ухілення ад выплаты мытных плацяжоў. Такія даныя былі прыведзеныя 11 жніўня ў Мінску, дзе адбылося пасяджэнне калегіі па падвядзенні вынікаў дзейнасці мытных органаў у першым паўгоддзі 2017 года.

Як паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт, у справаздачным перыядзе выяўлена 216 спробаў незаконнага перамяшчэння праз мытную мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў, па 28 выяўленых фактах распачатыя крымінальныя справы. Разам з тым колькасць такіх фактаў у 1,5 разу ніжэйшая за паказчык аналагічнага перыяду 2016 года.
 
Па матэрыялах, перададзеных мытнямі ў іншыя праваахоўныя органы, распачата 44 крымінальныя справы.

За справаздачны перыяд мытнымі органамі спынена 425 адміністрацыйных правапарушэнняў, аб'ектамі якіх з'яўляліся больш за 8,615 тыс. тон тавараў "санкцыйнай" групы. Сума прадметаў правапарушэнняў склала 13,681 млн рублёў.

У цэлым за першае паўгоддзе праз мытную мяжу ЕАЭС у Беларусі перамешчана звыш 53 млн тон тавараў, прайшло каля 4 млн транспартных сродкаў, каля 1,5 млн чыгуначных вагонаў. Беларускімі мытнікамі зарэгістравана каля 700 тыс. транзітных дэкларацый, каля 550 тыс. экспартных і імпартных.

Цяпер у мытных органах Беларусі праводзяцца эксперыменты па трох найбольш запатрабаваных з боку прадпрымальніцтва працэдурах: экспарт, выпуск для ўнутранага спажывання і транзіт. Эксперыменты па аўтавыпуску тавараў, змешчаных пад гэтыя працэдуры, ажыццяўляюцца без удзелу службовых асоб і з ужываннем выключна электронных тэхналогій. Сёння 12% экспартных, 3,9% імпартных партый тавараў апрацоўваецца ў аўтаматычным рэжыме. 8,5% тавараў, што перамяшчаюцца аўтамабільным транспартам, змешчана пад працэдуру транзіту ў аўтаматычным рэжыме. З 10 ліпеня 2017 года ў ПМА "Маладзечна" пачаты эксперымент па аўтавыпуску транзіту тавараў, што перамяшчаюцца чыгуначным транспартам.

У першым паўгоддзі 2017 года ДМК працягнуў працу па прыцягненні рэсурсаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі з мэтай мадэрнізацыі мытнай службы. Адзін праект завершаны, у рэалізацыі знаходзяцца два, папярэдне ўхвалена дзевяць праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Так, у межах супрацоўніцтва з урадам КНР уведзены ў эксплуатацыю інспекцыйна-надглядны комплекс для сканавання чыгуначных саставаў на станцыі "Брэст-Паўночны". Па праграме "Другая лінія абароны" Міністэрства энергетыкі ЗША рэалізуецца другі этап праекта па абуладкаванні пунктаў пропуску абсталяваннем радыяцыйнага кантролю, у адпаведнасці з якім такое абсталяванне ўсталёўваецца ў пунктах пропуску "Весялоўка", "Новая Гута", "Камарын", "Невель" і " Макраны". У межах супрацоўніцтва з Еўрасаюзам рэалізуецца праект па стварэнні сістэмы счытвання нумарных знакаў у аўтадарожным пункце пропуску "Новая Гута — Новыя Ярылавічы" на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН