Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/13/915567_915568/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 07:05
13.08.2017 14:05 Грамадства

АСАМ перакрыў канал нелегальнай міграцыі грамадзян Індыі праз Беларусь у ЕС

Мінск, 12 жніўня. У выніку правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў (АСАМ) Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі і Смаргонскай пагранічнай групы падчас міжнароднай аперацыі са Службай аховы дзяржмяжы пры МУС Літвы спынілі незаконную дзейнасць міжнароднай злачыннай групы.

Як паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі, удзельнікі злачыннай групы арганізавалі канал незаконнай транзітнай міграцыі грамадзян Індыі з Масквы ў Літву праз беларускую тэрыторыю. Іх асобы, а таксама ролі ў злачыннай схеме ўстаноўлены як у Беларусі, так і ў Літве.

Раніцай 11 жніўня ў Ашмянскім раёне на трасе Мінск — Вільнюс у выніку рэалізацыі аператыўнай інфармацыі быў затрыманы аўтамабіль "Опель", якім кіраваў грамадзянін Беларусі 1979 года нараджэння. Мужчына перавозіў двух замежнікаў, якія назваліся грамадзянамі Індыі. Дакументаў, якія сведчаць асобу, яны прад'явіць не змаглі.

У ходзе праверкі ўстаноўлена, што затрыманыя 26-гадовыя грамадзяне Індыі прыбылі ў Беларусь для далейшага незаконнага накіравання ў краіны Еўрапейскага саюза.

Грамадзянін Беларусі ў ліпені гэтага года ўжо ажыццявіў незаконную перавозку з Масквы на тэрыторыю Беларусі трох грамадзян Пакістана таксама для далейшай незаконнай міграцыі ў краіны ЕС.

Па фактах супрацьпраўнай дзейнасці ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі "і іншых неўстаноўленых асоб" распачата справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 371-1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі, учыненая групай асоб па папярэдняй змове), паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

Для далейшага разбору затрыманыя замежнікі і грамадзянін Беларусі дастаўлены ў Смаргонскую пагранічную групу.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН