Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/13/915571_915572/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 07:04
13.08.2017 15:00 Грамадства, Культура

Нобелеўскі лаўрэат на сустрэчы ў Гомелі адказала на пытанні пра душу і вайну

Гомель, 13 жніўня. На сустрэчы ў Гомелі 12 жніўня з жыхарамі абласнога цэнтра нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч адказала на шэраг пытанняў удзельнікаў мерапрыемства.

У прыватнасці, паэт Ларыса Раманава цікавілася: адкуль у Алексіевіч сілы пасля столькіх гісторый, прапушчаных праз душу, і ці здольныя тэксты ўплываць на свет, змяняць яго?

Адказваючы на пытанне, пісьменніца сказала, што яе сястра памерла ад анкалагічнага захворвання і яна часта бывала з ёй у Бараўлянах (анкабальніца пад Мінскам. — БелаПАН.). "Я бачыла, што такое праца ўрача-анколага, асабліва дзіцячага анколага: кожны дзень гаварыць з маці хворых дзяцей. І пасля гэтага ў мяне язык не паварочваецца сказаць, што пісьменнік — гэта нешта незвычайнае, што я больш пакутую, чым іншыя людзі. Урачы кожны дзень бачаць слёзы, няшчасці", — заўважыла нобелеўскі лаўрэат.

Алексіевіч дадала, што не хацела б быць у Афганістане, дзе яна была, і бачыць тое, што бачыла. "Гэта ўсё жудасныя рэчы, я не хацела б гэта ведаць, але гэта мая прафесія", — падкрэсліла пісьменніца.

Яна сказала, што задумваецца, як жывуць людзі, якія ваявалі ў Чачні, Афганістане, на Данбасе, якія ў іх узаемаадносіны з Богам? Алексіевіч расказала, што гасцявала ў сяброўкі ў нямецкай вёсцы, і ад маці жанчыны чула, што яе муж, які ваяваў на Усходнім фронце, большую палову жыцця праводзіць на кушэтцы ў псіхатэрапеўта. "Можаце ўявіць, як гэта ўсё стала ў старасці, калі ахоўныя сілы арганізма не ў стане супраціўляцца. Мне казалі, што ў Германіі тысячы былых салдат на кушэтках у псіхатэрапеўтаў канчаюць сваё жыццё", — дадала пісьменніца.

Яе спыталі і пра магчымасць развіцця сітуацыі, збройнага канфлікту ў Гомельскай вобласці, як цяпер на Данбасе. "Мы нядаўна гаварылі на кухні з Сашам Варламавым, і гаварылі аб адчуванні крыві... І ён казаў, што ў яго такое адчуванне. Я не хацела б, але ўсё можа быць. У нас побач такі непрадказальны сусед, у яго такія непрадказальныя геапалітычныя інтарэсы... Настолькі моцнае гэта пачуццё імперскасці", — сказала пісьменніца. Яна згадала, як у глушы Расіі яе і членаў здымачнай групы кінуў кіроўца, які "паслаў усіх матам" з-за пытанняў пра Украіну і Чачню і з`ехаў.

"Часам нам здаецца, што нас мала і што людзі маўчаць. Але прыйдзе час — і яны загавораць. Паверце, гэта будзе, але спадзяюся, не так, як у Расіі. Мы доўга думалі, чаму народ маўчыць, але калі ён стаў гаварыць — стала яшчэ страшней. Будзем верыць у сябе і ва ўласны народ", — пажадала на развітанне Алексіевіч.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН