Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/13/915574_915575/
Дата раздрукоўкі: 17.08.2017 04:54
13.08.2017 13:48 Эканоміка, Грамадства

Белстат: За сем гадоў забяспечанасць насельніцтва Беларусі жыллём вырасла з 24,6 да 26,8 кв. м на чалавека

Мінск, 13 жніўня. Забяспечанасць насельніцтва Беларусі жыллём павялічылася з 24,6 кв. м агульнай плошчы на аднаго жыхара ў 2010 годзе да 26,8 кв. м у 2016 годзе. Такія дадзеныя прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт у аглядзе, прысвечаным Дню будаўніка, які адзначаецца 13 жніўня.

Як адзначыў Белстат, пры гэтым больш высокі ўзровень забяспечанасці насельніцтва жыллём назіраўся ў сельскай мясцовасці. Ён склаў 36,5 кв. м у разліку на аднаго жыхара, у гарадской мясцовасці — 24 кв. м.

У першым паўгоддзі 2017 года на будаўніцтва жылля ў рэспубліцы было накіравана 1,7 млрд рублёў, або 21,1% агульнага аб'ёму інвестыцый у асноўны капітал. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года іх аб'ём у супастаўных цэнах павялічыўся на 4,3%.

Арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці ў першым паўгоддзі гэтага года пабудавана 22,8 тыс. новых кватэр агульнай плошчай 1 млн 916,5 тыс. кв. м. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 641,7 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 33,5% ад агульнага аб'ёму ўведзенага жылля. З агульнага аб'ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі пабудавана 284,4 тыс. кв. м, у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 366,8 тыс. кв. м.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 519,8 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, або 27,1% ад агульнага ўводу па рэспубліцы.

У 2016 годзе палепшылі жыллёвыя ўмовы 9,9 тыс. маладых сем'яў, або 41% ад усіх катэгорый грамадзян, якія палепшылі жыллёвыя ўмовы, а таксама 4,3 тыс. шматдзетных сем'яў, або 17,7%.

Як адзначае Белстат, "набірае абароты" экспарт будаўнічых паслуг. За 2016 год экспартавана будаўнічых паслуг на 1 млрд 31,2 млн долараў ЗША. Іх доля ў структуры экспарту паслуг склала за мінулы год 15,1%.

Будуюцца і сацыяльна значныя, і інвестыцыйныя аб'екты. За 2016 год пабудаваны гасцініцы на 855 месцаў, аб'екты дашкольнай адукацыі на 2,8 тыс. месцаў і агульнай сярэдняй адукацыі на 1,1 тыс. вучнёўскіх месцаў, амбулаторна-паліклінічныя на 1,4 тыс. наведванняў у змену, культуры клубнага тыпу на 650 месцаў.

У першым паўгоддзі 2017 года завершана будаўніцтва Полацкай ГЭС на Заходняй Дзвіне. Уведзены магутнасці па вытворчасці пластмасавых вырабаў бытавога прызначэння, сінтэтычных смол, лакаў, фарбаў, мэблі. Пабудаваны памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі. Узведзены тры шматфункцыянальныя комплексы, 21 гандлёвы аб'ект.

У будаўніцтве ў 2016 годзе працавала 308 тыс. чалавек, або 7% усіх занятых у эканоміцы рэспублікі. Сярэдні ўзрост працоўных складаў 41,2 года. На долю моладзі ва ўзросце да 31 года прыпадала 23,9%. Сярод работнікаў арганізацый будаўніцтва рабочыя складалі 74,2%, служачыя — 25,8%.

Вышэйшую адукацыю ў будаўнічай галіне мелі 21,4% работнікаў, сярэднюю спецыяльную — 18,5%, прафесійна-тэхнічную — 32,8%, агульную сярэднюю — 25,2%, агульную базавую — 2,1%.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН