Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/13/915583_915584/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 07:04
13.08.2017 15:10 Эканоміка, Палітыка

Кабякоў: Беларусь нацэлена максімальна актывізаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з Казахстанам

Мінск, 13 жніўня. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 12—14 жніўня наведвае Казахстан.

Сёння ў рамках рабочага візіту кіраўнік беларускага ўрада сустрэўся з прэм'ер-міністрам Казахстана Бакытжанам Сагінтаевым. Перамовы прайшлі як у вузкім, так і ў пашыраным складзе.

Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, падчас сустрэчы Кабякоў заявіў, што Беларусь нацэлена максімальна актывізаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з Казахстанам. "З гэтай мэтай мы зацікаўлены ў як мага больш хуткім падпісанні дагавора і праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана да 2026 года, якія замацуюць стратэгічныя кірункі нашага супрацоўніцтва", — падкрэсліў ён. Кабякоў адзначыў, што гэтыя дакументы плануецца падпісаць падчас афіцыйнага візіту ў Мінск прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, па аб'ёме ўзаемнага тавараабароту Казахстан уваходзіць у лік асноўных партнёраў Беларусі і знаходзіцца на трэцім месцы сярод краін СНД. "У той жа час вымушаны канстатаваць, што ў апошнія гады наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва адстае ад дынамікі палітычнага дыялогу і не адпавядае існуючаму двухбаковаму патэнцыялу ўзаемадзеяння. Спадзяюся, што сёлета мы пераломім гэтую тэндэнцыю — пачатак года абнадзейвае", — сказаў ён. У студзені—чэрвені тавараабарот вырас амаль на 80% і склаў 294,6 млн долараў ЗША, экспарт — 252,6 млн долараў, імпарт — 42 млн (рост у 2,5 разу).

Як адзначыў Кабякоў, Беларусь гатовая на ўрадавым узроўні падтрымаць прапановы па перспектыўных праектах у самых розных галінах: нафтахіміі, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, транспарце і лагістыцы, інавацыях і новых тэхналогіях, дзе абедзве краіны сумесна маглі б рэалізаваць па два-тры буйныя праекты. "Лакаматывам нашага ўзаемадзеяння застаюцца праекты вытворчай кааперацыі, якія дазваляюць ствараць сучасныя прадукты з высокім дададзеным коштам і забяспечваюць занятасць. У Казахстане функцыянуе восем сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі і абсталявання. Мы зацікаўлены не толькі пашыраць лінейку трактарнай, аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, якая збіраецца, але і нарошчваць яе аб'ёмы", — заявіў ён.

Кабякоў звярнуў увагу, што добрым прыкладам развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва стаў увод у эксплуатацыю ў 2016 годзе першай чаргі праекта па стварэнні Казахстанска-беларускага індустрыяльна-тэхналагічнага парку сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі. "Наша ўзаемадзеянне працягнуў запуск у гэтым годзе зборкі аўтатэхнікі ААТ "МАЗ" на пляцоўцы ТАА "Маторная кампанія "Астана-Мотарс" (Алматы). Акрамя таго, разлічваем на рэалізацыю праектаў па вытворчасці ў Казахстане беспілотных лятальных апаратаў, супрацоўніцтва ў касмічнай галіне, прымяненне беларускага праграмнага забеспячэння ў банкаўскай і транспартнай сферах, развіццё кантэйнерных перавозак. Мы бачым патэнцыял для пашырэння інвестыцыйнай прысутнасці казахстанскага бізнесу ў Беларусі ў розных галінах і гатовыя аказаць усебаковую падтрымку зацікаўленым партнёрам", — падсумаваў ён.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН