Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/13/915593_915594/
Дата раздрукоўкі: 17.08.2017 04:55
13.08.2017 15:58 Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія не павінны дапускаць пагаршэння адносін

Мінск, 13 жніўня. Беларусь і Расія павінны працягваць супрацоўніцтва, рухацца наперад і не дапусціць адкату ў двухбаковых адносінах. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю праграме "Формула ўлады" на тэлеканале "Расія 24".
"Мы ганарыліся тым, што ў нас роўныя правы для расіян і беларусаў... Сёння пачынаем сваволіць на мяжы: пагранічнікаў расіяне вывелі на мяжу, мытнікі пачынаюць сябе паводзіць незразумела як, блакуюць тавары, людзі з трэціх краін толькі праз міжнародныя пункты пропуску. Гэта значыць недавер ужо да нас на мяжы пад Брэстам... У гэтым сур'ёзная небяспека, мы пачынаем адкочвацца", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што "вельмі важна не дапусціць адкату (у двухбаковых адносінах), а паціху рухацца наперад". "Бо працэс пайшоў, і спыніць яго будзе практычна немагчыма нікому", — адзначыў ён.

"У нас ёсць вялікая перад грамадствам запазычанасць па дагаворы аб Саюзнай дзяржаве. Там усё прапісана. Мы ў свой час не прынялі на рэферэндуме Канстытуцыю будучага нашага саюза. Вазьміце дагавор, паглядзіце — гэта міні-Канстытуцыя, там і агульная валюта прапісаная, якая павінна быць, і функцыі агульнай дзяржавы, і органы ўлады Саюзнай дзяржавы, паўнамоцтвы і гэтак далей. Але тады на гэта не пайшлі — вы памятаеце, "шапка Манамаха", якую я нібыта хацеў забраць у Мінск. Глупства поўнае! Сёння ўжо праз прызму мінулага часу мы гэта бачым. Мы значна тут страцілі, на многіх кірунках нам трэба рухацца. Але самае страшнае тое, што па некаторых пытаннях мы дапускаем адкаты", — сказаў Лукашэнка.

Расія з лютага 2017 года ўстанавіла пагранічную зону ў памежных з Беларуссю рэгіёнах. Як адзначалася ў тлумачальнай запісцы да загада ФСБ Расіі, ён "накіраваны на стварэнне неабходных умоў аховы дзяржаўнай мяжы РФ на расійска-беларускім участку і правядзенне мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў, барацьба з якімі уваходзіць у кампетэнцыю пагранічных органаў".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН