Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/13/915597_915598/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2017 17:57
13.08.2017 16:45 Эканоміка

Эксперт: Мінск і абласныя цэнтры перажываюць бурнае развіццё гастранамічнага рытэйла

Мінск, 13 жніўня. Мінск і абласныя цэнтры перажываюць бурнае развіццё гастранамічнага рытэйла, лічыць менеджар праектаў па гандлёвай нерухомасці кіруючай кампаніі "Твая сталіца. Упраўленне праектамі" Арцём Давідовіч.

Паводле яго назіранняў, беларускія гарады "хутка абрастаюць крамамі", а тон на рынку сталі задаваць прадуктовыя сеткі і аператары хуткага харчавання, за якімі ўжо з цяжкасцю паспяваюць модныя брэнды і мэблевыя вытворцы.

Лідарам застаецца Мінск, дзе на кожную тысячу жыхароў цяпер прыходзіцца звыш 600 кв. м гандлёвых плошчаў (з улікам стрыт-рытэйла) — больш, чым у Лондане, Барселоне і Берліне. У найбліжэйшыя пяць гадоў іх канцэнтрацыя і зусім можа падвоіцца і дасягнуць узроўню Стакгольма, Варшавы і Хельсінкі. Услед за Мінскам падцягваюцца абласныя і раённыя цэнтры, на якія ўсё часцей накіроўваюць свае намаганні дэвелаперы і рытэйлеры, адзначыў эксперт.

Ён падкрэсліў, што найбольш актыўна прырастаюць новымі аб'ектамі прадуктовыя сеткі, перш за ўсё "Еўраопт", "Рублёўскі" і "Карона". Рытэйлеры не толькі арандуюць і выкупляюць гандлёвыя плошчы, але і будуюць уласныя супермаркеты і гандлёвыя цэнтры ("Е-Сіці", "Замак", "Магніт" і інш.). "Высокая канкурэнцыя на рынку вымушае кампаніі агрэсіўна пашыраць свае сеткі, каб шчыльна пакрыць Мінск і захапіць рэгіёны. Большасць рытэйлераў імкнуцца геаграфічна дыверсіфікаваць свае праграмы развіцця і накіроўваюць інвестыцыі ў розныя рэгіёны", — адзначыў Давідовіч.

Ён таксама заўважыў, што ў буйных гарадах імкліва расце колькасць аб'ектаў грамадскага харчавання. Толькі ў Мінску штогод адкрываюць каля 150 кафэ, бараў і рэстаранаў. Сярод самых актыўных міжнародныя брэнды, якія адкрываюцца па франшызе (Domino's, KFC, Sbarro, Baskin Robbins, Burger King, Papa John's і інш.). Услед за Мінскам сеткі фастфуду развіваюцца і ў абласных цэнтрах.

"Сеткі фастфуду, як і прадуктовыя крамы, у меншай ступені адчулі на сабе падзенне пакупніцкай здольнасці насельніцтва. За кошт больш гнуткай цэнавай палітыкі і вялікага патоку наведвальнікаў яны могуць працаваць эфектыўна. Цяпер жа для іх важна заняць долю на рынку, таму ўсе сілы інвестары кідаюць на пашырэнне сетак. Так што фастфуду ў Мінску і рэгіёнах будзе з кожным годам усё больш, яны будуць выціскаць традыцыйныя кафэ і рэстараны", — перакананы спецыяліст.

А вось модныя брэнды, сказаў ён, адкрываюць крамы кропкава. "Хоць рынак злёгку ажывіўся ў сувязі з адкрыццём у Мінску брэндаў LPP SA (Reserved, Cropp і House) і Inditex (Zara, Bershka, Stradivarius, Pull&Bear і інш.). Наступным крокам можа стаць з'яўленне ў краіне H&M. Акрамя таго, ужо прадстаўленыя ў краіне франшызы стануць развівацца больш актыўна", — лічыць эксперт.

"У той жа час практычна застылі на месцы прэміяльныя буцікі адзення і ювелірныя салоны. Спажывец стараецца эканоміць у першую чаргу на куплі дарагіх рэчаў. Не вытрымліваюць канкурэнцыі з інтэрнэтам прадаўцы аднатыпных тавараў, такіх як аўтазапчасткі. Разлічаныя на іх гандлёвыя цэнтры вымушаныя шукаць новыя канцэпцыі і фарматы", — адзначыў прадстаўнік "Тваёй сталіцы".

"У цэлым рынак гандлёвай нерухомасці працягне расці, нягледзячы на зніжэнне пакупніцкай здольнасці і развіццё анлайн-гандлю. Людзі заўсёды будуць хадзіць у крамы за прадуктамі або адзеннем. Аднак калі цяпер мы назіраем перавагу ў бок гастраноміі, то ў будучыні будуць падцягвацца і нехарчовыя рытэйлеры. Паступова рынак уступае ў стадыю сталасці, як гэта ўжо адбылося ў Польшчы, Чэхіі ці Германіі", — падсумаваў Давідовіч.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН