Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/13/915599_915600/
Дата раздрукоўкі: 11.12.2017 12:32
13.08.2017 17:19 Эканоміка

Выстава беларускіх вытворцаў Made in Belarus. Astana адкрылася ў Казахстане

Мінск, 13 жніўня. Выстава беларускіх вытворцаў Made in Belarus. Astana ўрачыста адкрылася 13 жніўня ў сталіцы Казахстана.

Як паведамляе прэс-служба выставачнага прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, у выставачным цэнтры "Карме" больш за 70 кампаній прадстаўляюць звыш 150 тэхнічных распрацовак і некалькі сотняў спажывецкіх тавараў ад вядучых беларускіх брэндаў: ад мадэрнізаванай сельгастэхнікі да надземнага транспарту будучыні.

У цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел прэм'ер-міністры Беларусі і Казахстана Андрэй Кабякоў і Бакытжан Сагінтаеў.

"Дзелавым людзям Беларусі і Казахстана тут дадзена выдатная магчымасць пазнаёміць сваіх патэнцыйных партнёраў і калег з новымі ідэямі і інавацыйнымі прапановамі. Сферы, у якіх мы можам эфектыўна выбудоўваць прыярытэты, самыя разнастайныя — гэта прамысловая кааперацыя, сельская гаспадарка, транспарт, нафтахімічны комплекс, IT- тэхналогіі і многае іншае", — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Асаблівую цікавасць прэм'ер-міністраў выклікалі беларуска-казахстанскія праекты. У прыватнасці збожжаўборачны камбайн Essil КЗС-760, распрацаваны ААТ "Гомсельмаш" сумесна з АТ "Аграмашхолдынг" (Казахстан). Камбайн адаптаваны для працы ў неспрыяльных умовах, напрыклад пры ўборцы цяжкаабмалочваных культур павышанай вільготнасці.

"Сёння ў Казахстане дзейнічае каля 250 сумесных прадпрыемстваў. Разам з тым лічу, што выстава Made in Belarus. Astana дасць дадатковы імпульс для пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх краін і паспрыяе з'яўленню новых сумесных праектаў", — падкрэсліў Сагінтаеў.

Ганаровым гасцям выставы прадставілі флагманскія мадэлі трактароў вытворчасці ААТ "МТЗ", у тым ліку энерганасычаныя BELARUS-3522 і BELARUS-4522 з навігацыйнымі сістэмамі дакладнага земляробства. Электронныя блокі, якія прымаюць сігналы ад спадарожнікавых сістэм, дазваляюць выконваць пасеў, культывацыю, уборку траў у аўтаматычным рэжыме.

Асаблівую ўвагу прэм'ер-міністры надалі прадстаўленым на выставе прадуктам харчавання і напоям.

"Асаблівасць нашай выставы ў тым, што яна заснаваная на ўзаемнай цікавасці беларускага і казахстанскага бізнесу. Тут прадстаўлены тыя прадпрыемствы, якія цікавыя нашым партнёрам з Казахстана", — адзначыў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч.

Акрамя гэтага, Мінск і Астана дамовіліся аб супрацоўніцтве ў касмічнай сферы. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і знешнегандлёвай палатай Казахстана.

Канкрэтныя прапановы па пытаннях актывізацыі беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва абмеркавалі і на сумесным бізнес-форуме. Для ўмацавання дзелавых сувязяў у Астане сабраліся больш як 200 прадстаўнікоў бізнесу дзвюх краін.

"Вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін я бачу па трох асноўных кірунках: павелічэнне гандлю, інвестыцыйнае супрацоўніцтва, развіццё транспартна-лагістычнай інфраструктуры", — падкрэсліў прэм'ер-міністр Казахстана.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН