Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/14/915639_915640/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 21:11
14.08.2017 11:59 Грамадства, Палітыка

Генадзю Фядынічу выстаўленае абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў (дапоўнена)

Мінск, 14 жніўня. Кіраўніку прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзю Фядынічу выстаўленае абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў, паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
"Кіраўніку Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзю Фядынічу выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да яго прымененая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Расследаванне справы працягваецца. У якасці абвінавачваных прыцягнутыя дзве асобы — кіраўнік і галоўны бухгалтар", — удакладніла Ганчарова.

Старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік былі затрыманыя 2 жніўня і дапытаныя ў дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Пасля допыту Фядыніча адпусцілі, Комліка затрымалі, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Фядыніч расказаў журналістам, што яму назвалі памер не выплачаных падаткаў — 22 тысячы дэнамінаваных рублёў з сумы, атрыманай у 2011 годзе. Пазней справа прафактывіста была перададзена з КДК у Следчы камітэт.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка. Справу ў дачыненні да кіраўніцтва РЭП праваабаронцы параўналі са справай кіраўніка закрытага ўладамі цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, якая была распачатая ў 2011 годзе.

Праваабарончыя арганізацыі таксама заявілі, што ў сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаюць яго ў якасці палітвязня і патрабуюць неадкладнага вызвалення.

За Фядыніча і Комліка заступіліся міжнародныя прафцэнтры, якія напісалі звароты на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН