Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/08/28/917411_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 21:20
28.08.2017 11:55 Эканоміка, Фінансы

ЕАБР дасць крэдыт расійскаму экспарцёру вугалю на куплю "БелАЗаў"

Мінск, 28 жніўня. Еўразійскі банк развіцця выдзеліць інвестыцыйны крэдыт на 91 млн долараў расійскаму экспарцёру вугалю "ТрансФін-М" на закупку кар'ерных самазвалаў "БелАЗ".
Крэдыт будзе выдзелены ў рублёвым эквіваленце на шэсць гадоў, паведамляе прэс-служба ЕАБР.

У выніку рэалізацыі праекта "ТрансФін-М" атрымае магчымасць аказваць лагістычныя паслугі поўнага цыклу па здабычы і транспарціроўцы вугалю ад вугальнага разрэзу да чыгуначнай станцыі, што дазволіць знізіць выдаткі трымальнікаў ліцэнзій вугальных разрэзаў за кошт аптымізацыі выкарыстання парку тэхнікі.

"У 2016—2017 гадах "ТрансФін-М" набыла тэхніку беларускай вытворчасці на агульную суму больш за 6 млрд рублёў. У планах кампаніі на 2017—2018 гады працяг закупак тэхнікі вытворчасці БелАЗ для развіцця напрамку па лізінгу спецтэхнікі для кампаній вуглездабыўной галіны", — цытуе прэс-служба ЕАБР генеральнага дырэктара "ТрансФін-М" Дзмітрыя Зотава.

Паводле яго слоў, сёння адным з ключавых драйвераў росту чыгуначнага грузаабароту ў Расіі, які працягваецца ўжо 15 месяцаў запар, з'яўляецца перавозка вугалю. На яе долю прыпадае 45% грузаабароту чыгункі, адзначыў Зотаў.

У сваю чаргу, старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця Дзмітрый Панкін адзначыў, што выдзяленне крэдыту расійскай кампаніі на закупку беларускіх самазвалаў мае важнае значэнне для стымулявання экспарту.

"Рэалізацыя праекта дасць магчымасць задаволіць экспартны попыт, які расце, на расійскі вугаль, адначасова кантралюючы лагістычныя выдаткі", — падкрэсліў Дзмітрый Панкін.

ААТ "БелАЗ" — кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" — найбуйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, якое ўжываецца ў горназдабыўной і будаўнічай галінах прамысловасці. Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі аўтазавода з'яўляюцца горназдабыўныя прадпрыемствы СНД.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН