Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/05/918662_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 21:11
05.09.2017 13:33 Палітыка

Еўрапейская народная партыя заклікае Беларусь зрабіць захады для паляпшэння сітуацыі за правамі чалавека

Мінск, 5 верасня. Найбуйнейшая партыя Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя — асуджае парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і заклікае беларускія ўлады зрабіць захады для паляпшэння сітуацыі. Як стала вядома БелаПАН, пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 5 верасня на палітычнай асамблеі ЕНП у Капенгагене.
У дакуменце асуджаюцца масавыя арышты, якія адбываліся ў Беларусі падчас вясновых акцый пратэсту, а таксама парушэнне правоў грамадзян на мірныя дэманстрацыі, свабоду сходаў і асацыяцый.

Акрамя гэтага, ЕНП звяртае ўвагу на вобшукі ў офісах прафсаюза РЭП і Беларускага незалежнага прафсаюза, а таксама на крымінальныя справы, распачатыя ў дачыненні да лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і яго намесніка, галоўнага бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка, якія абвінавачваюцца ў нявыплаце падаткаў. Комлік зараз знаходзіцца пад вартай.

Еўрапейская народная партыя заклікае беларускія ўлады "неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку Дзмітрыя Паліенку, Міхаіла Жамчужнага, Аляксея Жалнова і Ігара Комліка".

ЕНП таксама заклікае ўлады Беларусі выканаць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы, у тым ліку тыя, што датычацца дзейнасці прафсаюзаў, і спыніць рэпрэсіі і пераслед у дачыненні да лідараў і актывістаў незалежных прафцэнтраў.

Беларусь таксама заклікаюць адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), зарэгістраваць партыю "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", якая неаднаразова, але беспаспяхова спрабавала атрымаць легальны статус (апошні раз — сёлета ў жніўні), і іншыя грамадскія і палітычныя аб'яднанні.

Акрамя гэтага, ЕНП заклікае ўлады адмяніць ужо вынесеныя смяротныя прысуды і працягнуць працу па поўнай адмене смяротнага пакарання.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да ўрада прыняць неабходныя меры для таго, каб наступная выбарчая кампанія (выбары ў мясцовыя органы ўлады) прайшла свабодна і сумленна.

На думку ЕНП, Еўропе неабходна працягваць дыялог з афіцыйным Мінскам "з выкарыстаннем усіх існуючых магчымасцяў" для прасоўвання дэмакратычных рэформаў у Беларусі.

У пасяджэнні палітычнай асамблеі ЕНП удзельнічаюць прадстаўнікі беларускай апазіцыі — лідары руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Віталь Рымашэўскі. АГП і БХД прынятыя ў склад ЕНП у якасці назіральнікаў. Рух "За Свабоду" таксама мае намер падаць заяўку на атрыманне статусу назіральніка.

З ініцыятывы беларускіх палітыкаў у рэзалюцыю быў уключаны пункт аб тым, што ЕНП занепакоеная сітуацыяй вакол правядзення сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2017", якія нясуць пагрозу бяспецы і стабільнасці ў рэгіёне Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

"Прыняцце рэзалюцыі дэманструе той факт, што найбуйнейшая партыя Еўрапарламента па ранейшаму надае вялікую ўвагу сітуацыі ў Беларусі. Нягледзячы на інтэнсіфікацыю беларуска-еўрапейскіх адносін на афіцыйным узроўні, пытанні парушэння правоў чалавека і адсутнасці дэмакратычных свабодаў не здымаюцца з парадку дня", — заявіў БелаПАН Губарэвіч.

Еўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаеўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае ў сябе хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі краін Еўропы. ЕНП — адна з найбуйнейшых партый Еўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Еўрасаюза, а таксама ў Савеце Еўропы.
Таццяна Каравянкова, Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН