Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/07/918930_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:30
07.09.2017 09:48 Фінансы, Эканоміка

Золатавалютныя рэзервы Беларусі перавысілі 6,9 млрд долараў ЗША

Мінск, 7 верасня. За месяц золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі павялічыліся на 4,9% і на 1 верасня склалі 6.993,6 млн долараў ЗША, паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка.
"За жнівень 2017 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 328,8 млн долараў ЗША (4,9%) пасля росту ў ліпені 2017 года на 103,8 млн долараў ЗША (на 1,6%). За студзень—жнівень прырост рэзерваў склаў 2.066,4 млн долараў ЗША (42%)", — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Як адзначае Нацбанк, павелічэнню міжнародных рэзервовых актываў у жніўні спрыялі паступленні сродкаў у замежнай валюце ў бюджэт, уключаючы экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, павелічэнне аб'ёму сродкаў у замежнай валюце на карэспандэнцкіх рахунках банкаў у Нацыянальным банку, павелічэнне кошту манетарнага золата. Акрамя таго, росту рэзерваў спрыяла паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама купля замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы.

"Урадам і Нацыянальным банкам у жніўні выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 135 млн долараў ЗША", — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 751 млн долараў ЗША (на 18%) і склалі 4,9 млрд долараў у эквіваленце на 1 студзеня 2017-га. Афіцыйныя планы Нацбанка, зацверджаныя ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі, прадугледжваюць сёлета рост рэзерваў не менш як на 500 млн долараў.

Разам з тым у чэрвені Мінфін Беларусі размясціў чарговыя выпускі еўрааблігацый на 1,4 млрд долараў для выплат па даўгах, што спрыяла хуткаму росту ЗВР Беларусі ў бягучым годзе.

Паводле ацэнак Нацбанка, мінімальны ўзровень рэзерваў, на які варта арыентавацца Беларусі ў будучым, — 10 млрд долараў. Такі ўзровень задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазволіў бы краіне пазычаць сродкі на знешніх рынках капіталу на больш выгадных умовах.

"Дзесяць мільярдаў долараў рэзерваў неабходныя для таго, каб знешнія крэдыторы ўспрымалі Беларусь як дзяржаву з меншымі рызыкамі і каб рэспубліка магла прыцягваць рэсурсы па меншым кошце", — тлумачыў у 2016 годзе старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН