Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/07/918983_12345/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2017 08:37
07.09.2017 13:40 Спорт, Эканоміка

Лукашэнка: Еўрапейскія гульні павінны яшчэ болей кансалідаваць нацыю

Мінск, 7 верасня. Правядзенне ў Беларусі Еўрапейскіх гульняў павінна "яшчэ больш кансалідаваць нацыю", заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 верасня на пашыраным пасяджэнні выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК), прысвечаным правядзенню II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.

Ужо створаны аргкамітэт на чале з прэм'ер-міністрам, падкамітэты па ўсіх напрамках і дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў, паведаміў Лукашэнка, які з'яўляецца прэзідэнтам НАК. "Да нас ужо прыязджаюць розныя групы экспертаў, кансультанты для абмеркавання ўсіх дэталяў, звязаных з падрыхтоўкай Еўрагульняў. Урад мяне рэгулярна інфармуе, што праца вядзецца, і мы рухаемся ў правільным напрамку", — сказаў ён.

"Але мяне насцярожвае шэраг пытанняў, і перш за ўсё асноўнае — краіна гульнямі яшчэ не жыве. Пакідае жадаць лепшага асвятленне ходу падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым кірунку, калі нашы грамадзяне пачнуць атрымліваць інфармацыю пра тое, як ідзе праца. Бо Еўрапейскія гульні — важная падзея, якая павінна надаць магутны ідэалагічны імпульс нашаму грамадству, яшчэ больш кансалідаваць нацыю", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Беларускі афіцыйны лідар нагадаў, што Беларусь амаль год таму атрымала ганаровае права прыняць у 2019 годзе Еўрапейскія гульні. Паводле яго слоў, гэта была прапанова міжнароднай спартыўнай грамадскасці, якая высока ацаніла заслугі краіны ў развіцці спорту, а таксама правядзенне ў рэспубліцы спаборніцтваў і іншых міжнародных мерапрыемстваў, у тым ліку чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які прызнаны лепшым за сваю гісторыю.

"Ужо шмат гадоў у Беларусі ствараецца сучасная інфраструктура, і не толькі спартыўная. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з усіх куткоў свету. Вялікае значэнне пры гэтым мае ўласцівая нашай краіне атмасфера стабільнасці, талерантнасці і, самае галоўнае, бяспекі. Усё гэта таксама было ўлічана", — адзначыў ён.

Як паведаміў Лукашэнка, Беларусь "уважліва вывучыла прапановы Еўрапейскага алімпійскага камітэта, спрагназаваныя будучыя выдаткі". "Як запэўніваў урад, яны будуць адносна невялікімі — 35-40 млн еўра. Мы вырашылі, што гатовыя падставіць плячо еўрапейскай алімпійскай сям'і і правесці гэтае мерапрыемства. З боку Еўрапейскага алімпійскага камітэта нам было абяцана ўсякае спрыянне ў вырашэнні ўсіх пытанняў, а таксама рэсурсная і фінансавая дапамога. Пры гэтым не трэба ўяўляць, што мы зрабілі нейкую ласку еўрапейскай спартыўнай сям'і. Гэта перш за ўсё для нас карысць, што Еўрапейскі алімпійскі камітэт даў нам права правядзення такога мерапрыемства", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што прайшло дастаткова часу, каб падвесці вынікі ўжо зробленага, абмеркаваць праблемы і намеціць задачы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН