Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/07/919049_919050/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:29
07.09.2017 14:40 Грамадства

Жанчына, у якой пасля хатніх родаў памерла дзіця, вызваленая ў зале суда

Віцебск, 7 верасня. 31-гадовая Вольга Сцяпанава, у якой пасля хатніх родаў памерла дзіця, прызнаная вінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці (ч. 1 арт. 144 КК), але вызваленая ў зале суда. Прыгавор быў абвешчаны 7 верасня ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска.
Суд прыгаварыў Сцяпанаву да пазбаўлення волі на шэсць месяцаў ва ўмовах пасялення, але змяніў пакаранне на падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах. Чатыры месяцы абвінавачваная ўжо правяла пад вартай у СІЗА. Такім чынам, найбліжэйшыя два месяцы яна павінна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і ў выпадку неналежных паводзінаў можа быць адпраўлена ў калонію-пасяленне.

Слуханне крымінальнай справы пачалося 30 жніўня. Суддзя Юрый Урбан абвясціў працэс закрытым, нягледзячы на просьбу абвінавачванай гэтага не рабіць.

Паводле інфармацыі следства, увечары 17 лютага 2017 года жанчына нарадзіла дома ў Віцебску жыццяздольную дзяўчынку, якая захлынулася каляплоднымі водамі. У бальніцы дзіця маглі выратаваць, але па медыцынскую дапамогу маці звярнулася занадта позна. Рэанімацыйныя мерапрыемствы, якія самастойна праводзіла жанчына, былі некваліфікаванымі і толькі пагоршылі стан дзіцяці. Пасля таго як парадзіха зразумела, што самой ёй не справіцца, яна папрасіла сваю маці выклікаць хуткую. Брыгада хуткай меддапамогі, агледзеўшы нованароджаную, прыняла рашэнне неадкладна везці яе ў рэанімацыю. Дзяўчынку спрабавалі выратаваць, але дзіця памерла.

Прыроджаных парокаў развіцця і захворванняў, якія маглі б паслужыць прычынай смерці, пры правядзенні судова-медыцынскай экспертызы выяўлена не было. Следства звяртала ўвагу на тое, што ў Вольгі ёсць старэйшая дачка, якую яна таксама нарадзіла ў хатніх умовах.

Пазіцыя абароны заключалася ў тым, што роды не былі арганізаваныя як хатнія — яны былі скарацечнымі, таму жанчына не паспела выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу да родаў, а пасля нараджэння дзіцяці хуткая прыехала занадта позна, і медыцынская дапамога не была аказана ў поўным аб'ёме.

З 6 мая Вольга знаходзілася ў следчым ізалятары Віцебска, на пахаванне малодшай дачкі яе не адпусцілі. Муж Вольгі — жыхар Санкт-Пецярбурга. Мяркуючы па ўсім, у следства і суда былі асцярогі, што Сцяпанава можа схавацца ў Расіі.

Пасля абвяшчэння прысуду адвакат заявіла: рашэнне аб тым, ці будзе прыгавор суда апратэстоўвацца, пакуль не прынята.
Алена Спасюк, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН