Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/07/919071_919072/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:28
07.09.2017 16:20 Грамадства

Затрыманыя топ-менеджары ЗАТ "Гандлёвы свет — "Кальцо", парку "Дрымлэнд" і Madison Royal Club

Мінск, 7 верасня. Следчым камітэтам Беларусі прынятая да вытворчасці крымінальная справа, распачатая дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў дачыненні да бізнесмена Юрыя Авяр`янава і шэрагу кіраўнікоў камерцыйных структур. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Паводле яе інфармацыі, крымінальная справа расследуецца ў сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў суб`ектамі гаспадарання. "Па падазрэнні ва ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў узяты пад варту шэсць чалавек, у тым ліку дырэктары ЗАТ "Гандлёвы свет — "Кальцо" і ТАА "Парк забаў Дрымлэнд", кіраўнік Madison Royal Club. Праводзіцца расследаванне", — адзначыла Ганчарова.

Юрый Авяр`янаў — адзін з першых беларускіх бізнесменаў і доларавых мільянераў. Яго асноўнымі актывамі з`яўляюцца кампаніі "Інтэкс", "Ростэм" і "Гандлёвы свет — "Кальцо". Першая кіруе Madison Royal Club. Другая ўключае ў сябе рынак будаўнічых матэрыялаў у сталічным мікрараёне Уручча, парк забаў "Дрымлэнд" і філіял "Аграфірма "Ілья". Трэцяя аб`ядноўвае аўтамабільны і будаўнічы рынкі ў сталічным мікрараёне Малінаўка.

Некалькі гадоў таму Авяр`янаў спрабаваў пашырыць свой бізнес. У прыватнасці пачаў будаўніцтва аквапарку ў "Дрымлэндзе". Асноўным крэдыторам праекта выступіў "БПС-Ашчадбанк". Будаўніцтва аб`екта і яго запуск супалі з крызісам, які зрабіў пазыковыя рэсурсы непад`ёмнымі і не дазваляў бізнесмену зарабіць дастаткова сродкаў, каб разлічыцца з крэдыторамі.

Пасля Юрый Авяр`янаў, які заграз у даўгах,  пакінуў краіну і пасяліўся ў Еўропе. У перапісцы з інтэрнэт-газетай БелаПАН Naviny.by ён абвінаваціў "БПС-Ашчадбанк" у рэйдарскім захопе сваіх кампаній. У банку паведамілі, што кампанія "Ростэм" неаднаразова парушала абавязацельствы па пагашэнні запазычанасці, таму было ініцыявана спагнанне ў прымусовым парадку.

У снежні 2016 года ЗАТ "Ростэм" было прызнана банкрутам. Пачаўся працэс санацыі. У маі 2017 года таксама была распачатая справа аб банкруцтве ЗАТ "Гандлёвы свет — "Кальцо", якое выступіла паручыцелем па крэдыце кампаніі "Ростэм".
Таццяна Каравянкова, Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН