Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/07/eu_eu_918958_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:28
07.09.2017 11:16 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

На саміце Усходняга партнёрства Беларусь і ЕС не плануюць парафіраваць пагадненні аб рэадмісіі і аб спрашчэнні візавага рэжыму

Мінск, 7 верасня. На саміце Усходняга партнёрства ў Бруселі 24 лістапада не чакаецца парафіраванне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, размаўляючы з журналістамі на канферэнцыі "Будучыня Усходняга партнёрства на фоне росту рэгіянальнай турбулентнасці" 7 верасня ў Мінску.
"Я не стаў бы зараз чакаць сенсацыйных прарываў", — сказаў ён.

На просьбу ўдакладніць, якія яшчэ нявырашаныя моманты засталіся ў бакоў па гэтых пагадненнях, Краўчанка адказаў: "Я не ведаю праблемных момантаў, бо не залучаны ў перамоўны працэс, але не чакайце там вялікіх праблем перамоўнага характару, проста бакам неабходны час".

Што тычыцца магчымасці заключэння паміж ЕС і Беларуссю базавага пагаднення аб супрацоўніцтве, намеснік міністра адзначыў, што з боку ЕС пакуль не было выказана такой гатоўнасці да гэтага. Хоць з боку Беларусі такая прапанова гучала неаднаразова, дадаў ён.

"Калі мы зможам у агляднай перспектыве падысці да гэтай дамовы, то гэта будзе вялікае дасягненне, але пакуль мы не падышлі нават да прынцыповай гатоўнасці весці гэты дыялог", — сказаў Краўчанка.

Ён выказаў надзею на тое, што нядаўняя заява краін Вышаградскай групы, у якой гаварылася ў тым ліку пра неабходнасць гэтага пагаднення, "неяк будзе ўплываць на пазіцыю ЕС". "Але ўсё запатрабуе часу", — падкрэсліў Краўчанка.

Як паведамлялася раней, пачатак перамоваў па базавым пагадненні аб супрацоўніцтве з Беларуссю ЕС звязвае з паляпшэннем сітуацыі ў краіне, у тым ліку — у сферы выканання правоў чалавека.

Перамовы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі Беларусь і ЕС вядуць ужо некалькі гадоў, прычым асноўную ўвагу перагаворшчыкі надаюць менавіта пытанням рэадмісіі. Апошні раўнд перамоваў па гэтых пагадненнях праходзіў у Мінску 20 чэрвеня гэтага года. Па выніках сустрэчы начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун паведаміў, што бакі ў цэлым узгаднілі праект пагаднення аб рэадмісіі.

"У ім захаванае палажэнне аб пераходным перыядзе, на працягу якога Беларусь не будзе прымаць грамадзян трэціх дзяржаў або асоб без грамадзянства, якія падлягаюць рэадмісіі. Гэты час неабходны для наладжвання механізмаў працы з такой катэгорыяй асоб, а таксама стварэння ў рэспубліцы адпаведнай інфраструктуры", — сказаў Бягун.

Гаворка ідзе пра арганізацыю цэнтраў часовага ўтрымання незаконных мігрантаў, запланаваную па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі на 2017—2022 гады. Для гэтых мэтаў ЕС выдзяляе Беларусі 7 млн еўра. Фінансаванне ажыццяўляецца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага фінансавага пагаднення паміж МУС Беларусі, Еўракамісіяй і прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі.

Тэрмін пераходнага перыяду пакуль не называюць. Ёсць інфармацыя, што ён будзе меншым за тры гады, якія даваліся, напрыклад, Расіі і Украіне.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей таксама заяўляў, што бакі "не маюць ніякіх прынцыповых, радыкальных рознагалоссяў" — ёсць некаторыя тэхнічныя моманты, якія бакі яшчэ павінны ўрэгуляваць.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН