Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/08/919206_919207/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2017 13:59
08.09.2017 12:35 Грамадства

У Мінску судзяць былога топ-менеджара "Беларусбанка"

Мінск, 8 верасня. У судзе Маскоўскага раёна Мінска 8 верасня пачаўся чарговы працэс па справе аб карупцыі ў "Беларусбанку". На лаве падсудных — былы выканаўчы дырэктар банка Анатоль Багавік, якога абвінавачваюць у атрыманні хабараў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Справу разглядае суддзя Вольга Лістраценка, абвінавачанне прадстаўляе пракурор Яўген Серакоў. Багавіка абараняюць два адвакаты: Андрэй Санковіч і Наталля Шэкіна.

Абвінавачваны больш за год утрымліваецца пад вартай, затрымалі яго ў пачатку жніўня 2016 года. Да таго, як яго прызначылі выканаўчым дырэктарам "Беларусбанка", ён шмат гадоў узначальваў разліковы цэнтр пластыкавых карт банка.

Пракурор на пачатку судовага пасяджэння заявіў хадайніцтва, каб працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Паводле слоў Серакова, у матэрыялах справы ўтрымліваецца інфармацыя, якая з`яўляецца банкаўскай тайнай: дадзеныя па рахунках, здзелках, праграмах і тэхніцы, якую выкарыстоўвае банк.

Хадайніцтва падтрымалі абаронцы Багавіка, адзначыўшы, што ў якасці сведак па справе праходзяць некалькі чалавек, у дачыненні да якіх вядзецца папярэдняе расследаванне. У прыватнасці размова ідзе пра былога гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтра Генадзя Зубарава, якога таксама абвінавачваюць у карупцыі.

Аднак суддзя адхіліла хадайніцтва, працэс будзе праходзіць у адкрытым рэжыме.

Адзначым, што цяпер у судзе Цэнтральнага раёна Мінска судзяць яшчэ двух былых топ-менеджараў "Беларусбанка" Генадзя Гаспадарыка і Мікалая Цырто, якія, паводле дадзеных следства, атрымалі ў якасці "адкатаў" больш за 500 тыс. долараў. Абаронцы Гаспадарыка і Цырто таксама настойвалі на закрытым працэсе, па той жа прычыне — у матэрыялах справы ўтрымліваецца банкаўская тайна, аднак пракурор гэта хадайніцтва не падтрымаў, суддзя яго адхіліла. Сёння Гаспадарыку і Цырто вынесуць прысуд.
Адар`я Гуштын, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН