Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/08/919274_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.11.2017 21:29
08.09.2017 16:40 Эканоміка, Грамадства

Былы першы намеснік старшыні "Беларусбанка" прыгавораны да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі

Мінск, 8 верасня. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска абвешчаны прысуд па справе аб карупцыі ў "Беларусбанку". Былы топ-менеджар банка Генадзь Гаспадарык прыгавораны да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі, яго калега Мікалай Цырто — да дзевяці гадоў з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць маёмасць фігурантаў.
Былы першы намеснік старшыні праўлення "Беларусбанка" Генадзь Гаспадарык абвінавачваўся ў атрыманні хабараў больш як на 215 тыс. долараў, а таксама ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле звестак следства, ён атрымліваў "адкаты" ад кампаній, якія ў наступным перамагалі ў конкурсах на пастаўку банкаўскага абсталявання.

Тыя ж абвінавачванні плюс дача хабару былі выстаўленыя Мікалаю Цырто, які займаў пасаду намесніка дырэктара дэпартамента па працы з каштоўнасцямі. Ён, паводле даных следства, атрымаў каля 500 тыс. долараў у якасці незаконнай узнагароды.

Суд пастанавіў спагнаць з абвінавачаных даход, атрыманы незаконным шляхам: 387 тыс. рублёў з Гаспадарыка і амаль 788 тыс. — з Цырто.

Вядома, што Цырто да абвяшчэння прысуду ўжо кампенсаваў 60 тыс. долараў, Гаспадарык аддаў у кошт пагашэння незаконнага даходу аблігацыі.

У Гаспадарыка канфіскавалі акцыі "Беларусбанка", БМВ 1993 года выпуску, грошы на яго асабістых рахунках і банкаўскіх картах (сума не апавяшчалася). Дом на вуліцы Сядзібнай ў Мінску, чатырохпакаёвую кватэру на вуліцы Авакяна, а таксама два аўтамабілі "Хонда" 2002 і 2014 гадоў выпуску пастаноўленая вярнуць сваякам абвінавачанага.

У Мікалая Цырто канфіскавалі акцыі "Беларусбанка", кватэру ў Полацку, дом у Гарадоцкім раёне, кватэру на праспекце Незалежнасці ў Мінску і "Мэрсэдэс" 2009 года выпуску. Арышт знялі з кватэры на вуліцы Шчорса ў Мінску, дома ў Калодзішчах, аўтамабіля "Кіа" 2014 года выпуску.

Тэрмін, які абвінавачаныя правялі пад вартай, будзе залічаны з разліку адзін дзень у СІЗА роўны аднаму дню ў калоніі. Гаспадарык правёў у ізалятары прыкладна год і тры месяцы, Цырто — год і адзін месяц.

На абвяшчэнні прысуду прысутнічалі сваякі фігурантаў. Яны былі абураныя тым, што ў судзе не дапыталі ключавога сведку — бізнесмена Аляксандра Бучнева, які спачатку даваў банкірам хабар, а потым напісаў на іх заяву ў КДБ. Адзначалася, што праваахоўныя органы не могуць даставіць у суд Бучнева, бо ён знаходзіўся на лячэнні за мяжой. Аднак, паводле слоў сваякоў абвінавачаных, яны на днях бачылі яго ў Мінску.

Прысуд у законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

8 верасня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся чарговы працэс па справе аб карупцыі ў "Беларусбанку". На лаве падсудных — былы выканаўчы дырэктар банка Анатоль Багавік, якога абвінавачваюць у атрыманні хабараў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Адар'я Гуштын, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН