Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: http://by.belapan.by/archive/2017/09/08/919331_589647/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2017 11:26
08.09.2017 21:23 Палітыка, Грамадства

Прадстаўнік Узброеных сіл Беларусі расказаў пра вучэнні "Захад-2017" у Бруселі

Мінск, 8 верасня. 8 верасня начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёр Алег Воінаў выступіў з брыфінгам аб сумесных стратэгічных вучэннях (ССВ) узброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017" на пасяджэнні Камітэта намеснікаў пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў — членаў НАТА. Брыфінг адбыўся ў штаб-кватэры альянсу ў Бруселі.

Вучэнні пройдуць на тэрыторыі Беларусі на шасці палігонах і на двух участках мясцовасці з 14 па 20 верасня. Заходнія краіны-суседзі выказваюць асцярогі, што расійскія войскі могуць застацца ў Беларусі і стварыць тут магутную наступальную групоўку. Асаблівы неспакой выказваюць з гэтай нагоды Украіна, Літва і Польшча.

На брыфінгу для журналістаў 29 жніўня ў Мінску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў, кіраўнік вучэннямі з беларускага боку, заявіў, што да 30 верасня расійскія войскі пакінуць беларускую тэрыторыю, а падрыхтоўка да вучэнняў вядзецца ў няпростым ваенна-палітычным становішчы ў рэгіёне.

Белаконеў заявіў, што, "нягледзячы на тэндэнцыйны ажыятаж, які створаны вакол гэтых вучэнняў, Беларусь няўхільна выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў рамках міжнародных і рэгіянальных дагавораў аб раззбраенні, верыфікацыйнай дзейнасці, умацаванні мер даверу і бяспекі ў межах ААН і АБСЕ". Кіруючыся імі, Беларусь яшчэ ў канцы 2016 года праінфармавала дзяржавы — удзельнікі Венскага дакумента 2011 года аб ССВ "Захад-2017, што маюць адбыцца".

"Яскравым прыкладам адкрытасці і празрыстасці" гэтых вучэнняў Белаконеў назваў праведзены 12 ліпеня ў Вене брыфінг на форуме АБСЕ.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2017 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН